BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Людзей адаптуюць да вайны”

Беларускія прапагандысты здзекліва апелююць да беларусаў за мяжой, што яны па-за павесткай беларускіх працэсаў, якія адбываюцца ўнутры краіны. Але па факце гэта не так. У размове з Госцем Беларускага Радыё Рацыя, сябрам «Вольнай Беларусі» Валерам Буйвалам, мы даведаемся, што адбываецца, напрыклад, у яго родным Гомелі.

Валер Буйвал
Валер Буйвал

РР: Спадар Валер, кажуць, што апазіцыя за мяжой нічога не ведае, што робіцца ўнутры Беларусі, у нас на Радзіме. Скажыце, адкуль вы і ці ведаеце вы, што адбываецца на вашай радзіме?

Валер Буйвал: Мяне непакоіць сітуацыя, падзеі ў родным Гомелі, на поўдні нашай краіны, непадалёк ад украінскай мяжы, ад тэрыторыі Украіны, дзе ідзе знішчальная вайна, расейская інвазія супраць Украіны. Бо другі горад па значэнні, па велічыні пасля нашай сталіцы – Гомель стаў апошнія недзе 6 месяцаў, паўгода, арэнай вельмі інтэнсіўнай мілітарысцкай працы з боку расейскіх акупантаў.

РР: У чым гэта праяўляецца?

Валер Буйвал: Формы самыя дэманстрацыйныя, бессаромныя на тэрыторыі чужой для маскавітаў дзяржавы, адбываюцца парады фанфаронскія такія, у стылі ранняга Брэжнева з удзелам тэхнікі часоў Другой сусветнай вайны і сучаснай ваеннай тэхнікі, «Кацюшы» катаюць па вуліцах.

Усе гэтыя рытуалы-парады я памятаю са свайго дзяцінства – з 60-ых гадоў. Гэта сталі зноў адраджаць. Здавалася б, яны апелююць да памяці пра Другую сусветную вайну, як яны яе называюць Вялікая Айчынная, на самой справе гэта ёсць надзьмуванне мілітарызму, нянавісці, імкнення да вайны. Расейскія акупанты ў гэтай сваёй палітыцы мілітарызацыі грамадства імкнуцца да прамывання мазгоў беларусам.

РР: І вось нават я чытаю ў прэсе, што дзяцей з садка ўжо адзяваюць у вайсковую форму, там гімны некалькі раз на дзень і ўсё нейкія вайсковыя песні, танцы ў форме гэтай.

Валер Буйвал: Гэта ж ніколі не было ў нас у Беларусі такой традыцыі. І нават мы малыя такога пры саветах не бачылі. Ідзе вось такая цемрашальская, абсалютна істэрычная прапаганда, што вось мы перамаглі тых магутных немцаў, фашыстаў разам з Масквой, зоркі Масквы, вялікі Крэмль – у такім стылі. Значыць, выхоўваецца чалавек і грамадства не патрыётамі Беларусі, не абаронцамі нашай незалежнасці і свабоды, а менавіта абаронцамі Масквы.

Зноў Гомелю прапануецца зрабіцца плацдармам для чарговага маскоўскага нашэсця на суседнюю братнюю нам Украіну. І гэта непакоіць нас, людзей адаптуюць да вайны, да вобраза агрэсіі, вось гэтай трагедыі, якая выглядае ў трактоўцы арганізатараў як такое аперэтачнае дзейства. І з гэтага я раблю такую трывожную выснову, што Масква на поўным сур’ёзе рыхтуе другі раз напад на Украіну ў напрамку Чарнігаў-Кіеў з тэрыторыі нашай Беларусі, з тэрыторыі Гомельшчыны так, як гэта было ў лютым і сакавіку 2022 года, чатыры гады таму. Не адмовіліся яны ад гэтай ідэі.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя