
Жыццё з нуля. Гісторыі беларусаў, якім у эміграцыі давялося пачынаць усё спачатку і засвойваць новыя прафесіі.
Гісторыя 9. У Беларусі Валеры Сляпухін быў грамадскім актывістам, займаўся палітыкай. У яго была свая прыватная фірма, якая займалася гандлем кампутарнай тэхнікі, расходных матэрыялаў і абсталявання для відэаназірання. Аднак напрыканцы 2020 года Валерыю давялося з’ехаць. Цяпер ён працуе ахоўнікам у адной сеткавых крам у Польшчы.
Валеры Сляпухін да 2020 года быў грамадскім актывістам у Гомелі. Ён займаўся абаронай гарадской прасторы ад неадэкватных дзеянняў уладаў, спецыялізаваўся на абароне сквераў. Напрыклад, ён удзельнічаў у абароне скверу ад забудовы каля гатэля “Турыст”, займаўся паляпшэннем скверу “Юбілейны”, дапамагаў жыхарам вуліц Чапаева і Фадзеева не дапусціць ушчыльнікавую забудову, у выніку там паўстаў сквер. Таксама абараняў зялёную прастору ад магчымай забудовы каля возера Бабрыха.
Валеры Сляпухін вырашыў з’ехаць напрыканцы 2020-га года. У той год у яго было два затрыманні за ўдзел у акцыях пратэсту: у чэрвені і кастрычніку, у выніку якіх ён быў пакараны адміністрацыйнымі арыштамі, якія агулам склалі 25 сутак, і штрафам. Цяпер цяжка паверыць, але штраф нават атрымалася паспяхова абскардзіць. Апошняе затрыманне Валеры, якое адбылася ў кастрычніку, было жорсткім.
— Мяне затрымлівалі тры ці чатыры амапаўцы, білі, душылі, прымушалі рабіць ластаўку, кідалі ў асфальт. Пасля гэтага мае кліенты пачалі казаць у прыватных размовах, што ідуць праверкі ў іх арганізацыях па маёй фірме. Потым падатковая пачала дасылаць лісты, што будзе дадатковая праверка. Хоць у мяне было ўсё добра з дакументамі і падаткамі, але ўлічваючы маю палітычную і грамадскую актыўнасць, я не верыў, што яны ад мяне адчэпяцца. Што-небудзь бы знайшлі. Таму я з’ехаў ва Украіну.
У Кіеве Валерыю дапамаглі сябры. Праз месяц, хоць і не афіцыйна, ён ужо працаваў на рамонце кампутараў і ў будаўнічай сферы. Паралельна атрымлівалася займацца грамадскім жыццём. “Займаўся падтрымкай беларусаў, якія, як я ў свой час, прыязджалі напалоханыя. Дапамагаў ім атрымаць псіхалагічную дапамогу і знайсці жытло. Актыўнічаў у жыцці дыяспары. А таксама змагаўся за выключэнне грамадзяніна Лукашэнкі з ліку ганаровых дактароў Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Шаўчэнкі.” — распавядае Валеры Сляпухін. Як заўважае актывіст, моўных бар’ераў ва Украіне таксама не было. Таксама як і не было кепскага стаўлення ўкраінцаў да беларусаў.

Пасля атрымання гуманітарнай польскай візы Валеры пераехаў у Польшчу. “У Польшчы асноўным бар’ерам для мяне была мова. А вось працы, самай звычайнай, чарнавой, на будоўлі, таксі, дастаўцы — хапае. Я не баюся такой працы, але маральна не вельмі камфортна сябе адчуваю, бо ў Беларусі я займаўся ўрбаністыкай, палітыкай, а тут даводзіцца працаваць на чарнавой працы. Я адчуваю, што не выкарыстоўваю свой патэнцыял напоўніцу, а толькі на 5%, бо не застаецца сіл і часу далей развівацца.” — прызнаецца Валеры Сляпухін.
Валеры працуе звычайна па 8-10 гадзін. У Польшчы ён спрабаваў сябе на самых розных работах: рамантаваў кватэры, усталёўваў відэаназіранне, працаваў кіроўцам таксі і на будоўлі, займаўся ўстаноўкай каналізацыі і водазабеспячэння. “Чорную работу лёгка знайсці, абы былі рукі і ногі, а для таксі яшчэ вадзіцельскае пасведчанне трэба. Заробленых на такой працы грошай хапае на жытло, побытавыя патрэбы. На вандроўкі — пакуль не, хаця, але ў бліжэйшы час выпраўлю гэтую сітуацыю.” — распавядае Валеры Сляпухін.

Цяпер гомельскі актывіст працуе ахоўнікам у адной з сеткавых крам. Праца, як адзначае Валеры, — не складаная, толькі для вачэй цяжкавата, бо даводзіцца пастаянна глядзець у маніторы кампутараў. І часам не вельмі прыемна стасавацца з тымі, хто нешта скраў ці спрабуе скрасці ў краме. Больш дынамічна, як кажа актывіст, было працаваць на таксі, бо там можна было паразмаўляць з пасажырамі, часам трапляліся цікавыя кампаніі, хоць часам і агрэсіўныя. Яшчэ Валеры Сляпухін адкрыў індывідуальнае прадпрымальніцтва, у яго працуюць два чалавекі, якія займаюцца рамонтам кватэр. У будучым актывіст плануе развівацца альбо ў будаўніцтве, альбо ў сферы даставак.
— Я з нуля пачынаў два разы. Спачатку ў Кіеве, куды я прыехаў з 300 еўра і заплечнікам з рэчамі. Ва Украіне я стаў развівацца, стаў на ногі, пачалі з’яўляцца рэсурсы, знаёмыя, сталя лягчэй і весялей. Потым пераехаў у Польшчу. Я планаваў вярнуцца назад ва Украіну і асабліва спачатку не клапаціўся, каб нешта грунтоўна рабіць. Пасля адкрытага ваеннага ўварвання Расеі ва Украіну я таксама стаў валанцёрам. Але і давялося і даводзіцца працаваць чорнарабочым, каб мець грошы на ежу і жытло. — заўважае актывіст.
Пасля змен у Беларусі Валеры Сляпухін збіраецца вяртацца, бо трэба пераносіць усё добрае, што маецца ў Польшчы і Украіне. “Але ўсё залежыць ад змен у самой Беларусі, а змены, гледзячы на ўсё, пераносяцца на вельмі доўгі перыяд і перспектыва вяртання становіцца ўсё болей прывіднай.” — падсумоўвае Валеры Сляпухін.
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя






