BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Валерый Кавалеўскі: Ёсць падстава для крытыкі

Пашпарт новай Беларусі ды дыскусіі вакол яго. Беларускія апазіцыйныя палітыкі даўно анансавалі праект, які меўся замяніць беларусам асноўны дакумент. Паколькі ўлады ў Менску перакрылі такую магчымасць. Напрыклад, калі ў пашпарта ў беларуса за мяжой скончыўся тэрмін дзеяння, каб яго замяніць трэба ехаць у Беларусь, а гэта не заўсёды бяспечна. Абяцаюць — новы пашпарт прэзентаваць 26 студзеня, прымаюць заяўкі ад тых хто яго хоча атрымаць, але без адказу на галоўнае пытанне: ці ён выконвае функцыю дакументу. Каментуе наш госць, беларускі палітык Валерый Кавалеўскі, што калісьці быў ў Аб’яднаным пераходным кабінеце сярод ініцыятараў праекту пашпарта.

РР: Можна падаваць заяўкі на пашпарт Новай Беларусі. Нават ёсць дата, калі гэты пашпарт будзе прадстаўлены як праект. Доўга пра яго размаўлялі, і вось нарэшце ён рэалізаваны.

— Сапраўды, гэта добрая навіна. Я бачу, што праведзена пэўная праца па праекце і што ёсць прагрэс. Але разам з тым ёсць і падстава для крытыкі. Усё ж такі прайшло больш за паўгода з таго часу, як я сышоў з Кабінета. І калі быў прызначаны спецыяльны чалавек, які займаецца органам выдачы і пашпартным праектам на тэхнічным роўні.

На гэты момант за паўгода тая праца, якая праведзена, пакідае шмат пытанняў адносна таго, як арганізавана дзейнасць гэтага органа. Цэнтральным элементам усяго праекта з’яўляецца менавіта орган выдачы — месца, дзе прымаюцца даныя ад людзей, дзе яны верыфікуюцца, захоўваюцца і адкуль, у выніку, выдаецца пашпарт. Мы практычна нічога не ведаем пра гэты орган: няма інфармацыі пра тое, хто там працуе, які функцыянал, які асабовы склад. Імёны можна як называць, так і не называць, але мы разумеем, што беларускія спецслужбы хутка высвятляць гэтую інфармацыю.

Зразумела, што орган выдачы мае фізічную лакалізацыю, і нескладана будзе вызначыць, хто там працуе. Але беларусам па-ранейшаму невядома, у якіх умовах працуюць гэтыя людзі, ці праходзілі яны праверкі, ці падпісалі дакументы пра неразгалошванне інфармацыі. Таксама няма дадзеных пра тое, якімі пратаколамі і працэдурамі яны кіруюцца ў сваёй дзейнасці, асабліва ў частцы верыфікацыі і захавання даных.

Орган выдачы — гэта сэрца праекта, бо менавіта давер да яго і разуменне таго, як ён працуе, з’яўляецца асновай для прызнання дакумента. Пашпарт прызнаецца не толькі як папера, але і як прадукт структуры, якая яго выдае.

Калі я працаваў над гэтым праектам, планавалася, што пасля фармавання органа выдачы будзе праведзена міжнародная сертыфікацыя і аўдыт незалежнымі спецыялізаванымі структурамі. Гэта павінна было пацвердзіць адпаведнасць органа міжнародным стандартам і гарантаваць, што дакументу можна давяраць. Але, як я разумею, гэта пакуль яшчэ не зроблена, хоць гэта павінна было быць зроблена да таго, як выдадуць першы дакумент ці нават яго ўзоры.

Гэта ж датычыцца і міжнароднага прававога абгрунтавання для прызнання дакумента. Паводле адказу дырэктара цэнтра, на сёння гэтае абгрунтаванне яшчэ не гатова. На этапе, калі я займаўся праектам, планавалася, што запыт на міжнароднае прызнанне будзе ўключаць тры асноўныя інструменты: сам пашпарт, сертыфікат аўдыту органа выдачы і міжнароднае прававое абгрунтаванне.

На сёння няма двух з трох гэтых элементаў. А менавіта яны павінны складаць асноўны пакет дакументаў, які дапаможа замежным урадам прыняць рашэнне аб прызнанні гэтага пашпарта. Без іх цяжка будзе гарантаваць, што пашпарт стане функцыянальным дакументам для паездак, атрымання віз, пасадкі на самалёт ці перасячэння мяжы.

На жаль, пакуль мы не бачым, што орган выдачы цалкам сфарміраваны, і не відаць, каб быў створаны пакет дакументаў, патрэбных для міжнароднага прызнання.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

Заяўкі на пашпарт Новай Беларусі пачнуць прымаць з 26 студзеня, але пакуль да дакументу больш пытанняў. Наперадзе яшчэ доўгі працэс яго прызнання, каб ён мог выконваць функцыю дакумента, які пацвярджае асобу грамадзяніна Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя