1174 асобы – такая колькасць палітвязняў, паводле падлікаў праваабаронцаў, знаходзіцца ў беларускіх турмах. Сярод гэтых людзей – жанчыны, студэнты, бізнесоўцы, асобы з інваліднасцю, вядомыя і не надта вядомыя людзі, журналісты і рабочыя. Словам, увесь зрэз беларускага грамадства.

Напярэдадні Дня беларускага палітвязня, прызначанага праваабаронцамі, гомельскі грамадскі актывіст Валерый Сляпухін падзяліўся сваімі развагамі пра маштаб тэрору ў Беларусі і згадвае палітвязняў з Гомельшчыны ў гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Сёння мы паразмаўляем пра такую сумную дату, як Дзень палітвязня – 21 траўня. Гэты дзень абвясціў Днём палітвязня праваабарончы цэнтр «Вясна». Справа ў тым, што ў 2021 годзе ў гэты дзень у Шклоўскай калоніі №17 пры нявысветленых абставінах памёр палітзняволены з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. І вось за гэты час колькасць палітзняволеных у Беларусі не зменшылася, на жаль. Валер, як ты думаеш, чаму гэтыя рэпрэсіі так і не сціхаюць?
Валерый Сляпухін: Гэта спроба прымусіць усіх баяцца, каб усе моўчкі рабілі тое, што павінны. Зразумела, што праблем у краіне не робіцца менш. Іншадумцаў па-ранейшаму вялікая колькасць. І каб застрашыць усіх астатніх, каб ніхто нічога не думаў дрэннага, тым больш не казаў і нічога не рабіў. То бок, рэпрэсіі будуць працягвацца і працягвацца. Няма ніякай другой сілы, каб штосьці зрабіць. Улада не будзе рабіць штосьці добрае, каб задобрыць народ. Наадварот, будзе толькі страшыць народ і ўвесь час трымаць на хвалі рэпрэсій.
РР: Ты сам з Гомеля, і я хацела б згадаць тых палітзняволеных, якія таксама паходзяць з Гомеля. Каго прыгадаеш з тых, хто на дадзены момант знаходзіцца не на волі?
Валерый Сляпухін: З гамельчукоў напэўна самы вядомы – гэта Сяргей Ціханоўскі.
РР: Калі ты яго адразу назваў, то даваў згадаем, як ён увогуле з’явіўся на даляглядзе ў Гомелі. Калі ты першы раз пра яго пачуў, пазнаёміўся?
Валерый Сляпухін: Калі ён пачаў рабіць свой стрым і блог «Краіна для жыцця». Гэта быў напэўна пачатак 2019 года. Былі нейкія такія думкі, штосьці зрабіць, нейкую сацыяльную тэматыку падымаць. Але Сяргей тады казаў, што будзе рабіць так, як ён гэта ўсё бачыць. І з таго моманту ён усё больш і больш паглыбляўся ў блогерскую тэматыку і таксама пачаў закранаць сацыяльныя тэмы.
РР: Чаму Ціханоўскі спачатку закранаў пераважна Гомель, і толькі потым усю Беларусь?
Валерый Сляпухін: Ну ён жа гамельчук. Напачатку 2000-х ён наладзіў шмат канцэртаў альтэрнатыўнай музыкі. Можа нават яшчэ да нулявых. Гэта з таго, што я памятаю, як ён мільгануў напачатку нулявых. Потым я нават не ведаю, чым ён займаўся. Тым не менш ён узняў тую хвалю, якая абудзіла народ. Ён дакрануўся да тых кропак душы беларусаў, якія змаглі сказаць пра сваю краіну, сказаць пра тое, што яны хацелі б зрабіць лепшым. На жаль, не атрымалася.
РР: З Гомеля не толькі Ціханоўскі. Таксама можна згадаць іншых палітвязняў.
Валерый Сляпухін: Канешне, з многімі я быў знаёмы. Гэта вядомыя гамельчукі, журналісты. Гэта Ларыса Шчыракова, якая за сваю працу журналістам вымушана сядзець за кратамі.
РР: Давай тады пагаворыць і пра Ларысу Шчыракову. Згадаем, чым яна была вядомая ў Гомелі.
Валерый Сляпухін: У Гомелі яна была вядомая, як адна з заўзятых удзельніц «Талакі». Яна дбала пра народныя беларускія адметнасці – падтрымка традыцый, песні, абрады і г.д. Я памятаю, у яе быў добры фільм пра Палуту Бадунову.
РР: Яна як раз сыграла галоўную ролю ў дакументальным фільме пра Палуту Бадунову.
Валерый Сляпухін: Так. Палута Бадунова – гэта першая жанчына ў свеце, якая была абраная ва ўрад сваёй краіны – ва ўрад тагачаснай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта быў першы выпадак уплыву жанчын на палітыку сваёй краіны. Для Беларусі гэта асоба значная.
РР: Трэба сказаць, што Ларыса Шчыракова, якая сыграла ролю Палуты, паўтарыла яе лёс, – і Палута Бадунова была ў свой час рэпрэсаваная, і Ларыса Шчыракова.
Валерый Сляпухін: І таксама яны з Навабеліцы. Гэта і геаграфічны складнік, які яднае іх лёсы. І калі мы кажам пра Навабеліцу, то ўспамінаю яшчэ аднаго журналіста – Яўгена Меркіса. Ён таксама не толькі журналіст, але і грамадскі актывіст, дзеяч, таксама займаўся народнымі традыцыямі, шмат чаго рабіў як урбаніст. У траўні 2023 года Меркіса прыгаварылі да чатырох гадоў калоніі.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя