BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Валерыя Шкода: “Я самы прыгожы дворнік у Беластоку”

Жыццё з нуля. Гісторыі беларусаў, якім у эміграцыі давялося пачынаць усё з пачатку і засвойваць новыя прафесіі.

Гісторыя 6. Валерыя Шкода — маладая маці двух дзяцей. 28 гадоў. Скончыла ўніверсітэт культуры і мастацтва па профілі “Бібліятэказнаўства”. Дадаткова падчас навучання атрымала ў тым жа ўніверсітэце дыплом графічнага дызайнера.

Валерыя вядомая ў беларускай супольнасці тым, што робіць беларускіх павукоў з папяровых трубачак. Яе боксы, атрымаўшы якія можна самому зрабіць павука, разлятаюцца па ўсім свеце: у Аўстралію, Швейцарыю, Ірландыю. Яна сама выхоўвае двух дзяцей. А на жыццё зарабляе тым, што працуе прыбіральшчыцай.

“Я ўсім раю паглядзець апошні фільм “Ідэальныя дні”, які намінаваўся сёлета на “Оскар”. Ён пра прыбіральшчыка туалетаў. І вось той вайб фільма чамусьці я яго злавіла, я зразумела, што гэта і мой вайб”, — кажа Валерыя Шкода.

У Беларусі Валерыя паспела папрацаваць толькі падчас летняй практыкі. У дзень, калі яна абараняла дыплом, яна нарадзіла сына. “Мая праца быў дэкрэт”, — жартуе рамесніца. 

З Беларусі ёй давялося з’язджаць у снежні 2020 года.

— Я была актывісткай у маленькім горадзе пад Менскам. У нас усе адно аднаго ведаюць. Ведаюць мяне і маіх бацькоў. Я выходзіла на пратэстныя акцыі. Са мной былі мае дзеці. Міра, дачка, толькі нарадзілася. Ёй было толькі 2 месяцы. Падчас акцый сілавікі казалі нам разысціся. Але паколькі ўсе адно аднаго ведаюць, то ставіліся больш-менш лаяльна. — Згадвае Валерыя Шкода.

Але аднаго разу на жанчыну і яе дзейнасць пажалілася суседка, якую яна асабіста не ведала. Прыехала міліцыя і сацыяльныя службы. Правялі прафілактычныя гутаркі, праглядзелі тэлефон і сацыяльныя сеткі Валерыі: “Яны прыгразілі, калі я буду яшчэ выходзіць на акцыі ці штосьці пісаць, то яны мяне пасадзяць, а дзяцей забяруць. А потым з садка патэлефанавала дырэктар і сказала, што нас будуць ставіць на ўлік як тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На што я адказала, што могуць ставіць, куды заўгодна, але мы з’язджаем жыць ва Украіну і я забіраю дзіця з садка.” На наступны дзень пасля ад’езду да маці Валерыі прыйшлі з пытаннямі, куды яна падзелася.

Ва Украіне Валерыя таксама не засталася. На другі тыдзень пасля пачатку вайны яна з дзецьмі з’ехала з Украіны. Да таго ж былі сваркі з мужам, усё ішло да разводу. У Польшчы жанчына з дзецьмі апынулася ў лагеры бежанцаў. Там былі таксама і грамадзяне Украіны.

— Мы шмат месяцаў адаптоўваліся. Не столькі мы, колькі ўкраінцы да нас. Яны не разумелі, што я, беларуска, раблю ў лагеры бежанцаў. Бо доўгі час яны не цікавіліся нашай гісторыяй, не ведалі, што нас павыганялі з краіны. На пачатку вайны ўкраінцы былі азлобленыя на беларусаў. Я трапіла на самы пік. Мне трэба было даказваць і расказваць, чаму я з’ехала. Я была з дэпрэсіямі, шмат хварэла. — распавяла Валерыя Шкода.

Жанчына з дзецьмі амаль год жылі пад Гданьскам у лагеры бежанцаў. За гэты час Валерыя з мужам вырашылі, што разводзяцца. Валерыя падалася на міжнародную абарону (на дадзены момант яна і яе дзеці маюць дадатковую абарону). У яе з’явіўся праект “Папяровы павучок”. Валерыя прапаноўвае адмысловыя боксы, дзе кожны ахвотны можа знайсці неабходны набор матэрыялаў для павука і скласці яго самастойна як канструктар пры дапамозе схемы і відэа.

Пасля году знаходжання ў лагеры для бежанцаў Валерыя зразумела, што трэба шукаць працу і кватэру. Яна з’ехала спачатку ў Варшаву, а потым у Беласток. “Варшава — вялікі горад, шмат часу ідзе на дарогу, шумны. Я не жыла ў такім горадзе, заўжды жыла ў невялікім. Я даведалася, што ў Беластоку ёсць дом беларусаў, Алена Жаркевіч яго падтрымлівала. Мы пражывалі там 2 месяцы, пасля ён закрыўся. І мы знялі з Рэгінай Лавор кватэру. Потым яна з’ехала і я з дзецьмі сталі самі здымаць кватэру. Так атрымалася, што ў Польшчы стала першая кватэра, якую я здымаю. Вось так з’явілася маё дарослае жыццё.” — распавядае Валерыя.

Працу Валерыя знайшла праз адміністрацыю раёна, дзе здымае кватэру. Проста прыйшла і спытала. Паколькі жанчына сама гадуе дзяцей, то ёй патрэбная была праца менавіта непадалёк ад дому і на той час, калі дзеці ў школе і садку. Рамесніца ўладкавалася на працу па “умове злецэня” і цяпер жартуе, што яна самы прыгожы дворнік на сваім раёне, а, можа, і ва ўсім Беластоку. Польская мова Валерыі далася лёгка. На яе думку, беларуская і польская — вельмі падобныя. На працы ў Валерыі добры калектыў, яна гаворыць, што да яе добра ставяцца. Жанчына дзеліцца плюсамі ад прафесіі дворніка:

— Я прыходжу дадому і не думаю пра працу, я працую толькі ў тыя гадзіны, якія мне трэба, раблю тое, што мне кажуць. Цяпер у мяне тыдзень, калі я займаюся праполкай. Я згадваю вёску, як я корпалася ў зямлі, як бабуля нас прымушала праполваць гарод. Бывае, што я кагосьці падмяняю і мыю пад’езды, сходы прыбіраю, смецце хаджу прыбіраю па тэрыторыі. Гэта некалькі дамоў, мінімум 15 пад’ездаў. Я разгружаю мозг падчас працы. Я не працую на офіснай працы і потым не прыходжу дадому і не дуру сабе галаву, што я штосьці не дарабіла. Не бяру справу дадому. Увечары дома пачынаюцца дзеці, трэба прыгатаваць паесці, прыбрацца, зрабіць павукоў.

На фота: Валерыя на працы падчас праполкі кветак

У будучыні, калі бліжэйшыя пару год нічога не зменіцца ў Беларусі, Валерыя плануе пераехаць у Гдыню і жыць каля мора. “Хацелася б прыехаць дадому, але на дадзены момант я сябе там не бачу. Таму буду тут уладкоўваць сваё жыццё. Мяне ўсё цяпер задавальняе: і праца, і кватэра. Хоць і цяжка, але больш-менш усё стабілізавалася. Атрымліваецца вандраваць, вазіць дзяцей да мора. Мы былі ў гарах, на пароме плавалі. І на самалёце першы раз тут, у Польшчы, я паляцела. То бок Польшча мне дала больш магчымасцяў, чым у мяне было ў Беларусі.” — падсумоўвае Валерыя Шкода.

Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя