BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Валянцін Лабачоў: Наваполацкая калонія №1 самая жорсткая

Беларускія палітвязні пасля вызвалення вымушаны з’язджаць з краіны. Улады ўсё робяць, каб пазбавіцца ад дэструктыўных, па іх разуменню, элементаў.

Адным з такіх з’яўляецца госць Беларускага Радыё Рацыя былы палітвязень з Магілёва Валянцін Лабачоў, які адбываў тэрмін пакарання ў самай жорсткай калоніі. Цяпер Валянцін жыве і працуе ў Варшаве.

РР: Які тэрмін вы адбывалі і за што?

Валянцін Лабачоў: Асуджаны я быў на паўтары гады за абразу Лукашэнкі.

РР: Вам прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні?

Валянцін Лабачоў: Мне гэтага не прапаноўвалі. Увогуле была амністыя і перад амністыяй усім прапаноўвалі напісаць заяву, каб яны прызналі віну і пісалі прашэнне аб памілаванні. Калі хтосьці пісаў такое, то ўсё роўна нічога не атрымлівалася.

РР: Вы не пісалі?

Валянцін Лабачоў: Не.

РР: Што можаце сказаць пра ўмовы адседкі ў гэтай калоніі?

Валянцін Лабачоў: Наваполацкая калонія №1 самая жорсткая. Увогуле гэта ўзорна-паказальная калонія. Там вельмі цяжкія ўмовы, асабліва зімой.

РР: Чаму складана асабліва зімой?

Валянцін Лабачоў: Таму, што вельмі моцныя маразы. Асабліва калі ты працуеш на вуліцы, вельмі цяжка. Ты фактычна ў летніх бацінках.

РР: Чаму ў летніх? Чаму нельга перадаць зімнія?

Валянцін Лабачоў: Увогуле цёплыя бацінкі нельга. Магчыма гэта такі здзек. Некаторыя вязні, у каго былі праблемы з нагамі, яны маглі хадзіць у бурках. Напрыклад Віктару Бабарыку дазволілі хадзіць у бурках. Зімой нас перавялі падсобнымі працаўнікамі на дрэваапрацоўку – цягаць, пілаваць. Мы павінны былі ўвесь дзень знаходзіцца на вуліцы. Нам забаранялі хадзіць грэцца ў цэх, было канешне вельмі цяжка.

РР: Вы бачылі Віктара Бабарыку?

Валянцін Лабачоў: Так.

РР: Як ён выглядаў? Калі вы яго бачылі?

Валянцін Лабачоў: Мы былі ў суседніх атрадах. Бачыў я яго практычна кожны дзень і крыху х ім размаўляў. Але калі прыязджаеш у калонію, то кажуць, каб да яго не падыходзілі.

РР: У вас была жоўтая нашыўка, якую нашываюць палітвязням?

Валянцін Лабачоў: Канешне. Я быў на прафуліку, як схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці. Гэта дзясяты прафулік.

РР: Усім кажуць не размаўляць з палітычнымі?

Валянцін Лабачоў: Усе размаўляюць, але нельга было размаўляць толькі з Бабарыкам.

РР: Ён быў у атрадзе так, як і вы?

Валянцін Лабачоў: Ён быў у атрадзе, але жыў у адной так званай секцыі ў асноўным з актывістамі. Яны з ім размаўлялі, астатнім было забаронена.

РР: Ці былі вы ў памяшканні камернага тыпу ў ШІЗА?

Валянцін Лабачоў: Так. У калоніі я правёў адзін год, за год я правёў 60 сутак адбыў у ШІЗА. Вызваляўся я таксама з ШІЗА.

РР: За што вы траплялі ў ШІЗА?

Валянцін Лабачоў: Дзесьці на працы зайшоў у іншы цэх. Адразу пісалі рапарт за парушэнне лакалізацыі. Дзесьці штосьці не спадабалася нейкаму афіцэру, ён знойдзе за што на цябе напісаць рапарт, напрыклад, не пагаліўся. Палітычным на карантыне ўсім пішуць рапарт. Лосік быў расшпілены ці не павітаўся з супрацоўнікамі калоніі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

З госцем Беларускага Радыё Рацыя Валянцінам Лабачовым размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя