BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Валянцін Панасік: Мне стала шкада нашых новых металічных дзвярэй

“Для мяне вельмі важна выказваць сваё меркаванне і гаварыць праўду”. Кажа Госць Рацыі – былы палітвязень Валянцін Панасік, які быў вызвалены 13 снежня разам з іншымі 123 палітвязнямі і вывезены з краіны. Цяпер ён знаходзіцца ў Літве і ўжо атрымаў від на жыхарства.

Валянцін Панасік
Валянцін Панасік

Валянцін расказаў, як ён стаў палітзняволеным за свае выказванні, як адбываў тэрмін і як адаптуецца ў Літве.

РР: Распавядзіце вашую гісторыю, як вы сталі палітвязнем. Наколькі мне вядома, вас судзілі па трох артыкулах і прысудзілі вам шэсць гадоў пазбаўлення волі за публікацыі ў сацыяльных сетках, якія нібыта змяшчаюць заклікі да вулічных пратэстаў і актыўнага супраціўлення ў выпадку іх падаўлення.

Валянцін Панасік: Сапраўды так. Менавіта за гэта. Гэта было два допісы. Насамрэч допісаў было больш. Але за гэтыя два допісы, як вырашылі ўлады, можна мяне асудзіць. Усё пачалося 2020 годзе, калі была надзея на перамены. І мы тады верылі, што гэта магчыма. Усе бачылі захапленне навокал і надзею. Але потым, напэўна 9 жніўня, я сам стаў сведкам таго кашмару.

Я з Гародні. І аднойчы пабачыў, як пад пад’ездам сядзелі два падлеткі, можа ім было 15-16 гадоў, хлопец і дзяўчына. Амаль як у тэатры: пад’езд, ліхтар, лавачка, кола свету на іх падае. І ў гэтае кола зайшлі 4-5 супрацоўнікаў у поўнай амуніцыі і пачалі іх проста збіваць рукамі і нагамі. Са словамі: хацелі перамен – атрымайце перамен. Пасля гэтага і пачалося маё актыўнае напісанне каментароў. Пачалося актыўнае хаджэнне на мітынгі па нядзелях. У іншыя дні ўсё ўжо затухала, людзі перасталі кожны дзень хадзіць, ужо стала небяспечна. А па нядзелях у людзей яшчэ хапала сілаў.

Прайшоў год, і 5 жніўня да мяне прыйшлі.

Як гэта было. Я здымаў кватэру. Спачатку прыйшлі да маіх бацькоў, па адрасе маёй прапіскі. Бацькі былі на дачы і ў кватэры нікога не было. У 10 раніцы мне званок з невядомага нумару. Я адказваю і чую: адкройце, міліцыя. І грукат у дзверы. Я спачатку не паверыў, падумаў, што можа які сябар жартуе. Затым яны зноў перазванілі. Я ўжо разумею, што гэта не жарты. Яны ўжо крычаць: адкрывайце, або дзверы будзем выламываць. Дзверы новыя металічны, і мне стала іх шкада. Я не звязаў падзеі 2020 года з гэтымі міліцянтамі, якія прыйшлі. Я не разумеў, якая тут сувязь.

Мне мама намякала, што трэба пачысціць сацсеткі, бо бачыш, што адбываецца. Я маму не паслухаў. Я пазваніў на дачу. Мама сказала: збірай рэчы, бяры, ўсё што важнае і з’язджай праз Кобрын ва Украіну. Я сказаў, што дверы новыя будуць ламаць, шкада, пайду разбяруся. Калі падыходзіў да кватэры, пабачыў каля пад’езда таніраваны форд-транзіт. Званочык быў: разварочвайся і бягі. Але ногі неслі мяне ўперад. Калі я пабачыў тры амонаўцы і два губопаўцы, я спакойна прайшоў міма іх і адчыніў дзверы.

РР: Жорстка вас затрымлівалі?

Валянцін Панасік: Магчыма жорсткага затрымання не атрымалася, бо ўсе суседзі ўжо павыходзілі на леснічную пляцоўку. Я запусціў гэтых няпрошаных гасцей у кватэру. Мне ўручылі ордэр, прычына, што ў чаце «Гродна 97» штосьці нехарошае панапісваў. Я падпісваць адмовіўся. Яны махнулі на гэта рукой. Сказалі аддаць мабільны тэлефон. Ён заблакаваны. Запатрабавлаі разблакаваць. Я ім кажу, што гэта мая асабістая рэч. І тады яны пачынаюць мяне збіваць. Падумаў, што здароў даражэй і сказаў ім як разблакаваць. Пасля гэтага пачаўся вобшук. Запрасілі панятых, мясцовых алкашоў, якія пад пад’ездам сядзяць.

Прыехала мама з дачы. Яе не пусцілі ў кватэру, сказалі, што вядуцца следыя дзеянні. Пасля вобшуку мяне пасадзілі ў бус, завезлі ў ГУБОП, дзе больш дэтальна вывучылі мой тэлефон. І затым мяне павезлі знаёміцца са следчым. Там жа я пазнаёміўся і з маім будучым адкатам, які зусім непрацяглы час быў маім адвакатам. Былі ўзяты ў мяне першыя сведчанні. Тут я ўжо зразумеў, што ўсё сур’ёзна.

РР: Пасля гэтага вас не выпусцілі?

Валянцін Панасік: Так. Адвакат сказаў, можа яго пакуль дамоў адпусціць па падпісцы. Але я ім сам лішняга нагаварыў, сказаў, што я збіраўся з’язджаць. Таму, магчыма, не выпусцілі з-за гэтага.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва Валянціна Панасіка.