BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Васіль Еўдакімаў: Было б жахліва згубіць гэтае месца

У Мастаўлянах 22 лістапада ўрачыста адкрылі новыя інфармацыйныя шыльды на месцы сядзібнага комплекса, дзе нарадзіўся Кастусь Вінцэнт Каліноўскі. Але праца на гэтым не спыняецца: мясцовыя актывісты разам з прадстаўніком беларускай супольнасці Вялікабрытаніі плануюць працягнуць абследаванне Мастаўлян і рэштак сядзібна-паркавага ансамбля Каліноўскіх, а таксама стварыць музей.

Васіль Еўдакімаў
Васіль Еўдакімаў

З “Госцем Рацыі” — прадстаўніком Беларускага Дабрачыннага Траста Васілём Еўдакімавым — пагаворым пра тое, чаму беларусы ў Вялікабрытаніі ахвотна падтрымліваюць такія ініцыятывы, паразважаем пра адрозненні брытанскіх і беларускіх законаў, а таксама даведаемся пра літаратурную дзейнасць спадара Васіля як аўтара пад псеўданімам Вал Клемэнт.

РР: Вітаем Вас у Мастаўлянах, у Зубрах на Падляшшы. Вы тут першы раз? Якія вашыя ўражанні?

Васіль Еўдакімаў: Другі раз, дзякуючы спадару Уладзіміру Арлову, ён прывозіў мяне раней сюды. Дакрануліся да камянёў, паглядзеў, адчуў сябе чалавекам 19 стагоддзя на пэўны час. Так што з задавальненнем прыязджаю ізноў. Месца падаецца мне родным нейкім.

Мастаўляны

РР: Ці можам мы агучыць першыя планы вакол Мастаўлян – спадчыны Каліноўскага? Што б Вам было цікава тут стварыць калі-небудзь і з якім пасылам Вы прыехалі сюды з Вялікабрытаніі?

Васіль Еўдакімаў: Па-першае, мая асабістая думка была заўсёды, што было б жахліва згубіць гэтае месца, калі яно патрапіць у невядома якія рукі потым. Таму мара такая ёсць, каб набыць гэта, каб беларуская суполка Падляшша магла зарганізавацца і беларусы свету дапамаглі б, і набыць гэтую маёмасць ва ўласнасць. І потым развіваць, зрабіць раскопкі, зрабіць музей. Каб людзі прыязджалі сюды, і было б што паказаць. І распавесці гэтую гісторыю ўсю.

РР: Якую беларускую супольнасць Вы прадстаўляеце, якую арганізацыю? Колькі зараз увогуле беларусаў у Вялікабрытаніі?

Васіль Еўдакімаў: Я ў свой час узначальваў Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі. А потым гадоў 15 быў старшынём Беларускага Таварыства. Гэта больш культурніцкая арганізацыя, якая наладжвае сувязі з брытанцамі, культурны абмен і так далей. У нас яшчэ ёсць Беларускі дабрачынны траст, ёсць пэўная маёмасць і пэўныя зберажэнні, якія мы выкарыстоўваем на культурніцкія праекты, на дапамогу ахвярам рэжыму і так далей. Я застаўся яшчэ ў гэтым трасце, а з іншых арганізацый зышоў, бо адпрацаваў сваё. Я ўдзельнічаю актыўна, але ж не ўзначальваю.

Колькі беларусаў, цяжка сказаць. Новая хваля беларусаў пасляпратэстная яна цікавая, прыехала моладзь, адукаваная, цікавая. І ў нас больш актыўна пачалася пэўная дзейнасць і па бібліятэцы “Скарынаўцы”, і вакол царквы, музея і так далей. Да нас ходзяць дзясяткі чалавек, сотня збіраецца на Купалле, напрыклад.

Цалкам гутарка:

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя