BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Васіль Ядчанка: Шукаю незвычайныя беларускія словы і выразы

22,28% усіх інтэрнэт-карыстальнікаў Беларусі – столькі за мінулыя 365 дзён ахапіў праект «Мова ад Васіля». У Цік-ток за год – 2,3 мільёны гледачоў. Больш за палову з іх – знаходзіцца ў Беларусі. Гэта вынікі бягучай дзейнасці відэаблогера, галоўнага рэдактара, выкладчыка, нашага сённяшняга Госця Рацыі, які апантана здымае відэа на тэму беларускай мовы, Васіля Ядчанкі.

Падрабязней – у гутарцы з Алісай Поль:

РР: Якія праекты і кірункі дзейнасці для вас зараз важныя, актуальныя і чаму?

Васіль Ядчанка: Зараз я рыхтуюся да выхаду новай серыі праекту «Тутэйшыя словы». Гэта вельмі для мяне значны і складаны праект, таму што я замахнуўся на тое, каб дакрануцца да мясцовых словаў, выразаў, якія характэрныя для некаторых мясцінаў Беларусі. Тут, калі я пачаў, то столькі ўсяго на мяне абрынулася, проста гэта такая лавіна і сапраўднае невычэрпнае багацце, таму што я знайшоў і выданні, і кнігі, і навуковыя працы пра мясцовыя гаворкі, і не тое што там нейкіх рэгіёнаў, гарадоў, а нават асобных вёсак. І гэта вельмі цікава. Мне вельм іпадабаецца гэтым займацца.

РР: Якія відэа ў вас зараз набіраюць найбольшую колькасць праглядаў і чаму?

Васіль Ядчанка: Як заўсёды мае гумарыстычныя відэа, дзе людзі могуць хутка і проста даведацца пра нейкае новае беларускае слова, ці выраз. Гэта даволі нескладаныя відэа, калі людзі адпачываюць і вучацца. Гэта мяне вельмі цешыць, таму што людзі пішуць каментары: дзякуй вялікі, працягвайце відэа гумарыстычныя, але з якіх можна нешта даведацца.

РР: Часцей за ўсё як каментуюць гэтыя вашыя відэа? Можа нехта падае вам канкрэтныя ідэі, каб вы пасля іх рэалізавалі. Можа хтосьці далучыцца да праекту, напрыклад.

Васіль Ядчанка: Так, каментароў вельмі шмат. Дзякуюць, але ёсць дзесьці адзін адсотак троляў, бачна, што людзям нешта не сядзіцца, пішуць, што гэта і не расейская, і не ўкраінская мова. Што гэта за мова ў вас такая? Але добра, што такіх каментароў няшмат. Найбольш дзякуюць, або пішуць, што ў нас так казалі, калі ласка, распавядзіце, або як будзе па-беларускую тое, ці іншае паняцце, азначэнне. То бок гэта ідзе такі жывы працэс, калі людзі ўжо ўспрымаюць мае відэа як асобны канал інфармацыі, і канал, з якім можна камунікаваць. То бок, успрымаюць, як сябра.

Цалкам гутарка:

“Агульная колькасць карыстальнікаў Інтэрнэтам у Беларусі складае 8 840 000 чалавек. Такім чынам, за мінулыя 365 дзён толькі дзякуючы ТікТок я ахапіў 17,76% усіх інтэрнэт-карыстальнікаў Беларусі. У Інстаграм за мінулыя 365 дзён «Мова ад Васіля» ахапіла 797 413 акаўнтаў. 50% – з Беларусі. То бок – 398 707 акаўнтаў з Беларусі.” — дадаў блогер.

Беларускае Радыё Рацыя