BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Васіль Плешкуноў: Мы прачнуліся і спаць ужо не можам

9-га жніўня 2020 года – дата, якая стала адметнай для многіх беларусаў. Менавіта тады адбыліся выбары, якія для многіх жыхароў падзялілі гісторыю краіны на “да” і “пасля”. Сёлета традыцыйна дыяспары ў розных гарадах правялі тэматычныя маршы, сустрэчы і іншыя падзеі – яны адбываліся не толькі 9-га жніўня, але і пасля.

Пра важнасць даты і вынікі мерапрыемства ў сталіцы Польшчы нашаму радыё распавёў “Госць Рацыі”, суарганізатар Маршу Годнасці ў Варшаве, прадстаўнік суполкі “Беларусы Варшавы” Васіль Плешкуноў.

– 9 жніўня ўжо ў памяці людзей. Тое, што адбылося 9 жніўня, я не ведаю, будзе гэта ў нас чырвонымі вялікімі літарамі ўпісана ў нашу гісторыю, не будзе. Жнівень – гэта месяц, калі беларусы прачнуліся. Я ніколі не бачыў, каб столькі людзей прыйшло галасаваць. Я і сам ніколі не хадзіў на галасаванне за таго, хто лічыць сябе прэзідэнтам.

Калі я ўбачыў тыя белыя стужкі, якія нашая “старая гвардыя” лічыць прыдуманымі ў Расеі, калі я ўбачыў колькасць гэтых белых стужак. Людзі сабе бінты маталі на рукі, каб было бачна за каго яны ідуць галасаваць. Гэта многае перавярнула ў галовах усіх. Калі мы ўбачылі, што нас падманулі, у людзей у галовах шмат што перавярнулася. Ну і насамрэч людзі выходзілі з нашымі бел-чырвона-белымі сцягамі, гэта было яшчэ да пачатку выбараў. Людзі выходзілі, рабілі такія можа не маршы, можа не маніфестацыі, збіраліся і выходзілі з бел-чырвона-белымі сцягамі.

Калі я чую, што ніхто не заклікаў людзей выходзіць, ніхто не заклікаў насамрэч, ніхто не заклікаў людзей выходзіць з бел-чырвона-белымі сцягамі. Бел-чырвона-белыя сцягі як бы ніадкуль з’явіліся. Былі чырвона-зялёныя, штосьці яшчэ, але людзі ўсё ж такі абралі наш сцяг. Людзі ў той дзень, 9-га жніўня, яны зразумелі, што яны могуць казаць і іх будзе чутна. Людзі зразумелі, што яны насамрэч людзі, а не быдла, якім нас лічыць улада. Таму трэба гэты дзень, можа не святкаваць, але памятаць пра яго патрэбна.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя