Вечар Салідарнасці з беларускімі палітвязнямі прайшоў 24 студзеня ў Вільні ў творчай прасторы KROPKA. Падчас імпрэзы адбыўся нэтворкінг, падпісанне паштовак зняволеным і прагляд фільма «Шлях да волі». Таксама арганізатары распавялі пра палітвязняў, якіх прызналі такімі апошнім часам.

Як кажа арганізатар імпрэзы Міхась Кулеш, ён зусім нядаўна пераехаў у Вільню, але стараецца збіраць тут разам беларусаў-эмігрантаў, каб знаёміцца і падтрымліваць адзін аднаго:
– Зусім нядаўна ў Вільні, пераехаў, вось стараюся збіраць тут беларусаў-эмігрантаў, актыўных, у якіх яшчэ ёсць запал збірацца і грэцца разам. Увогуле, мы мусім паказваць нашу салідарнасць і эмпатыю, таму што гэта адзін з асноўных спосабаў падтрымліваць беларускае грамадства.
На мерапрыемства завіталі людзі, сябры ці знаёмыя якіх таксама пераследаваліся ці з’яўляюцца палітвязнямі. Некаторыя з іх ужо пісалі лісты палітвязням, а для іншых гэта было ўпершыню.

Вольга Семянчук падзялілася сваімі ўражаннямі:
– Першы раз пісала менавіта зараз, таму што неяк не было адчування, што гэта дойдзе, што гэта трэба. Я чула, што людзі збіраюцца і пішуць, але не было сардэчнага, душэўнага порыву. Я даведалася нядаўна, што будзе такая вечарына, і зараз я адчула, што хачу напісаць. І я адчуваю, што гэта важна.
Вечар Салідарнасці ў Вільні прайшоў у межах кампаніі салідарнасці з беларускімі палітычнымі зняволенымі ТЭМА №1, якую разам з партнёрамі ладзіць Free Belarus Center.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:














Беларускае Радыё Рацыя