З-за моцнага ветру парывамі да 24 м/c, які вызначаў надвор’е ў Беларусі 1 лістапада, зафіксаваны 41 выпадак падзення дрэў у Берасцейскай (7), Віцебскай (8), Гомельскай (1), Гарадзенскай (9), Менскай (9), Магілёўскай (6) абласцях і Менску (1), паведамляе МНС.
Паваленымі дрэвамі пашкоджана 7 аўтамабіляў — у Берасцейскай (2), Віцебскай (2) і Магілёўскай (3) абласцях. Сарваным металічным элементам абліцоўвання фасада шматкватэрнага жылога дома пашкоджана 2 аўтамабілі на вул. Першамайскай у Калінкавічах (Гомельская вобласць). Пацярпелых няма.
У Магілёве на праспекце Дзімітрава дрэва ўпала на паркоўку і пашкодзіла 3 легкавыя аўтамабілі.
У Магілёўскай вобласці парушалася электразабеспячэнне 17 населеных пунктаў і 3 ферм (у Крычаўскім, Кіраўскім і Глускім раёнах).
Сёлета ў ліпені з-за ўрагану ў Беларусі загінула 7 чалавек.
Крыніца: pozirk.online