BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вераніка Станкевіч: Мы ведаем, што такое беларуская салідарнасць

Беларуская ініцыятыва дапамогі палітвязням “Вольныя”, якая базуецца цяпер у Варшаве, адзначыла сваё двухгоддзе. З якімі вынікамі падышла да даты арганізацыя? Што змянілася за час яе працы? І чым аб’яднанне можа быць карыснай не толькі экс-зняволенным, але і іншым людзям?

Вераніка Станкевіч
Вераніка Станкевіч

Пра гэта і не толькі – у гутарцы Госці Рацыі, каардынатаркі “Вольных” Веранікі Станкевіч з нашай журналісткай Марынай Савіцкай.

РР: З якімі вынікамі і з якім настроем каманды вы падышлі да народзінаў?

Вераніка Станкевіч: Мы парадаваліся, што змаглі пратрымацца два гады. Мне здаецца, што гэта добры знак. Мы давольныя, што працуем, стоадсоткава да канца гэтага году мы сваю дзейнасць не спыняем. Другое, мы падышлі з хваляваннем і чаканнем, таму што перад тым, як нам споўнілася два гады, выйшаў Сяргей Ціханоўскі, выйшлі 16 палітвязняў, якіх змаглі выцягнуць з-за кратаў амерыканцы.

І мы, канешне, чакаем, што далей працэс будзе працягвацца. Па апошніх твітах Дональда Трампа мы бачым, што нібыта перамовы ідуць. Мы вельмі спадзяемся, што нашых падапечных стане больш, што людзі выйдуць на свабоду, таму мы з такой надзеяй падыходзім да працэсу. Як я пісала ў нашым пасце пра дзень народзінаў, што мы вельмі чакаем таго моманту, калі мы станем непатрэбнымі як арганізацыя. Арганізацыі, якія дапамагаюць у гуманітарным плане будуць толькі рады закрыцца, перадаць свае справы камусьці больш кампітэнтнаму. І працягнуць сваё жыццё, стаць нейкімі кансультантамі, або часткай нейкіх вялікіх працэсаў. Канешне, мы вельмі хацелі б, каб нашая працы была непатрэбнай.

РР: Не так даўно адбыліся перамовы паміж Дональдам Трампам і Аляксандрам Лукашэнкам, дзе вялася размова пра 1300 палітвязняў, якія магчыма выйдуць на волю. Вас пужае гэтая лічба?

Веранікі Станкевіч: Не. Мяне не пужаюць ніякія лічбы. Я буду толькі рада, калі ўсе гэтыя людзі акажуцца на свабодзе – унутры Беларусі, ці па-за Беларуссю. Не ведаю, гэта ўжо залежыць ад іх жадання. Так, гэта шмат людзей. Але, думаю, мы ведаем, што такое беларуская салідарнасць. Мы ведаем, як гэта працуе. Таму ўсе са ўсім справяцца. Гуманітарная ініцыятыва працягвае працаваць. Мы ведаем, як дапамагаць людзям. Не будзе пытанняў, я ўпэўнена ў дапамозе. І грошы збяруцца калі трэба, бо зараз ёсць Гуманітарны міжнародны фонд, у якога ёсць сродкі. Таму я думаю, гэтая лічба не павінна нікога пужаць. Ніхто не павінен увогуле на гэты конт хвалявацца. Мы павінны толькі спадзявацца. І чакаць людзей на волі.

Вераніка Станкевіч
Вераніка Станкевіч

РР: Якія тры галоўныя дасягненні вы б адзначылі за час вашай дзейнасці?

Веранікі Станкевіч: Тры цяжка агучыць. Напэўна можам сказаць, што ў нас было больш 200 чалавек, якія звярнуліся да нас па дапамогу. То бок мы змаглі апрацаваць за гэты час больш 200 заявак. Канешне, мы вельмі ганарымся сваімі ментарамі, у нас за гэты час было 174 заяўкі ад ментараў. Гэта 174 чалавекі, якія рэальна прынялі рашэнне, што яны хочуць быць валанцёрамі, што яны хочуць дапамагчы. І гэта шмат. З улікам таго, што ёсць актывісцкае выгаранне, і ў цэлым у сектары рэсурсны голад. То мы вельмі рады, што людзі да нас прыходзяць. І працягваюць прыходзіць да сёння. На мінулым тыдні ў нас было тры заяўкі ад новых валанцёраў. Гэты працэс ідзе. Таму мы ганарымся, што людзі нам давяраюць і прыходзяць па дапамогу.

Цалкам размова:

Нагадаем, сацсеткі і сайт Volnyja у Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Беларускае Радыё Рацыя