5 лістапада агенцтва ТАСС паведаміла, што на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі прынята рэзалюцыя “Аб стварэнні камфортных тарыфаў для карыстання паслугамі сувязі і перадачы дадзеных на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы (адмене роўмінгу ў Саюзнай дзяржаве)”. На маёй памяці пра адмену роўмінгу гаворка вядзецца ўжо больш як дзесяць гадоў, і кожны раз высокія чыны кажуць: “Ну вось-вось, ужо…” А воз – і цяпер там.
У мяне складваецца ўстойлівае ўражанне, што ўдзельнікі высокіх перамоў і падпісанты гучных пагадненняў нібыта не чулі пра такія сэрвісы і паслугі, як Wi-fi, Viber, Watsapp, Тelegram і шмат іншых. Што яны па-ранейшаму карыстаюцца стацыянарнымі дыскавымі тэлефонамі, а, каб звязацца з абанентам у суседняй краіне, заказваюць перамовы праз вузел сувязі. Алё! Людзі знайшлі дзясяткі спосабаў абысці падобныя перашкоды!
Што ж прымушае ўладальнікаў аператараў сувязі трымацца за роўмінг і іншыя дарагія паслугі зубамі? Думаю, сквапнасць і недальнабачнасць. Гэтыя людзі гатовыя апошнія капейкі выціскаць сабе на карысць, радыкальна не паляпшаючы якасць і даступнасць сувязі. А недальнабачнасць заключаецца ў тым, што яны не бачаць ці не хочуць бачыць, што прагрэс крочыў наперад і пайшоў нашмат далей за іх хцівыя амбіцыі. Утрымацца пакуль што ім дазваляюць раней зароблены аўтарытэт і манапольнае становішча. Аднак час, навукова-тэхнічны прагрэс і канкурэнцыя не стаяць на месцы…
Рыгор Скамарох