Былы палітвязень Віктар Пархімчык быў затрыманы ў лістападзе 2020 года. Пасля чаго асуджаны на два гады так званай «хіміі». Аднак на 4 апошнія месяцы быў пераведзены ў сумнавядомую шклоўскую калонію. Пасля поўнага адбыцця пакарання Віктар выехаў з Беларусі і вось ужо амаль што два гады жыве ў Беластоку, дзе займаецца тым, чым займаўся да зняволення – камп’ютарным праграмаваннем.
РР: Як прайшоў час адаптацыі, чым ты зараз займаешся?
Віктар Пархімчык: Час адаптацыі ў мяне прайшоў адносна лёгка. Адразу пасля вызвалення з турмы мяне накіравалі паправіць сваё здароўе у адзін з літоўскіх санаторыяў, дзе сярод іншых праграм быў псіхолаг. Які якраз такі мяне папярэджваў, што мяне будуць чакаць некалькі стадый эміграцыі. Калі не памыляюся, першая з іх была эйфарыя, потым турыстычная фаза, потым арыентацыйная фаза, дэпрэсіўная фаза і ў канцы – дзейная фаза. Так, азіраючыся на гэтыя два гады, магу сказаць, што мяне закранулі хіба толькі трэцяя і апошняя фазы – гэта арыентацыйная фаза і дзейная. Я думаю, што магчымыя прычыны гэтаму – гэта тое месца, тое пекла, з якога давялося мне выйсці і што давялося перажыць. Неяк сфармаваўся такі псіхалагічны імунітэт. Цяпер я ўжо іншы чалавек пасля гэтага, я магу радавацца такім простым рэчам – сонцу ў небе, прысутнасці сваіх дзяцей побач, смеху жонкі.
Пасля карцару я наогул магу спаць дзе заўгодна – на падлозе ці ў лесе пад дрэвам, гэта не важна. Галоўнае – што на свабодзе. Гэта такое першаснае нашае патрабаванне да жыцця. І зараз я думаю, што знаходжуся ў апошняй дзейнай стадыі.
РР: Вось ужо ты два гады на волі, два гады ў Беластоку. Трэба зарабляць на жыццё і сям’я твая тут. Чым ты займаешся? Ці гэта той самы занятак, што і да 2020 года ў Беларусі, ці ты сябе знайшоў у нейкай іншай сферы?
Віктар Пархімчык: Я займаўся ў Беларусі распрацоўкай сайтаў. І зараз тут раблю першыя няўпэўненыя крокі, каб працягнуць гэты бізнес тут. Да 2020 года ў мяне было адносна стабільнае жыццё прадстаўніка сярэдняга класа. Усё было наладжана, былі кліенты. Але тут абставіны змяніліся. Вось, напрыклад, нядаўна захварэла мая жонка. Тэрмінова спатрэбіліся антыбіётыкі. У Польшчы яны выпісваюцца толькі па рэцэпце доктара. А вось медыцынскага страхавння ў нас няма, бо ўсе мае кліенты і зараз знаходзяцца ў Беларусі. І зараз я ўсімі сіламі заняты тым, каб падняць свой бізнес ужо тут з каленяў, неяк вырашыць пытанні, каб не было прычын хвалявацца за дзяцей і жонку, калі захварэюць. Таму я прыняў рашэнне змяніць вектар працы з арыентацыяй на Польшчу ( спасылка на сайт Віктара Пархімчыка: https://it-deweloper.pl/ ).
Цалкам гутарка:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя