BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Віталь Цімошчанка: Наша галоўная мэта – падтрымаць сваю культуру

Беларуская суполка «Пагоня» ў чэшскай Празе святкуе 20-годдзе. Пра яе, пра эміграцыю ды пераемнасць, пра мецэнацтва і бізнес, пра скрадзены абраз беларускага палітвязня ды іншае распавядзе сённяшні Госць Рацыі. З ім размаўляе наш карэспандэнт Стась Дадэрка.

РР: Тэрмін “эміграцыя” наколькі актуальны ў беларускім кантэксце ці гэта ўсё ж такі такое слова з дваццатага стагоддзя, і ўжо іншае пад ім разумеецца сёння?

Віталь Цімошчанка: Хутчэй за ўсё, паколькі адбываюцца вялікія працэсы глабалізацыі, зараз шмат краінаў, якія даволі адчыненыя. І мне падаецца, што гэты тэрмін хутчэй сёння гэта не класічная міграцыя, хутчэй такі спосаб людзей перамяшчацца па свеце. Я б, можа, ад гэтага тэрміна адыходзіў бы з часам.

РР: А самі сябе вы кім лічыце, які статус маеце?

Віталь Цімошчанка: Я пражыў у Чэхіі ўжо 26 гадоў, натуральна я легалізаваны ў Чэхіі, цалкам я сябе не адчуваю, што я нейкі мігрант. Я проста настолькі арганічна ўпісваюся ў еўрапейскую мадэль, што мне фактычна ўсё роўна, дзе я знаходжуся фізічна, таму што па душы і свайму ўспрыманню я ніколі не мяняўся і застаюся заўсёды беларусам. Адзінае беларус у своеасаблівым паняцці “метраполітан”. Мне падаецца, што калі чалавек чымсьці займаецца ў сваім жыцці, спрабуе ствараць якасны прадукт, і чалавек пагружаны ў сваю дзейнасць, то гэта абсалютна няважна, дзе чалавек знаходзіцца.

РР: Вы сказалі, што з’ехалі 26 гадоў таму, гэта значыць канец 90-х, гэта значыць падзеі вось такога брутальнага ўмацавання ўлады Лукашэнкі, маштабныя вулічныя пратэсты. Што стала для вас апошняй кропляй і матывацыяй для таго, каб пакінуць Радзіму?

Віталь Цімошчанка: Мэта майго ад’езду з Беларусі чыста эканамічная, таму што 90-ыя гады цяжкія і безграшовыя. Я быў апантаны ідэяй распачаць у Беларусі свой бізнес, і для гэтага трэба было зарабіць хутка грошы. І я выбраў шлях, што магу, напрыклад, паехаць у Еўропу, зарабіць нейкіх грошай, а потым вярнуцца і рэалізаваць нейкі праект, бізнес-ідэю ў Беларусі. Але паколькі ў працэсе гэтага ўсяго пачаліся нядобрыя такія палітычныя працэсы з прыходам Лукашэнкі, усталяванне яго дыктатуры і г.д., на жаль, давялося сваё вяртанне адкладаць і адкладаць. І вось прайшло столькі год, але ўсё толькі пагаршаецца. Паколькі жыццё праходзіць, то чалавек самарэалізуецца там, дзе ён можа. Але, канешне, галоўная ідэя – мара вярнуцца ў Беларусь і пачаць будаваць вось гэтую нармалёвую краіну ў Беларусі. Але, на жаль, гэта цяжка рэалізаваць.

РР: Але ўсё ж такі, я ведаю, што вы не надта гэта афішуеце. Але вы ёсць пэўным мецэнатам, альтруістам і, дзякуючы вам, паўсталі розныя культурніцкія праекты, звязаныя з Сяргеем Доўгушавым. Усё ж такі вы рэалізоўваеце свае сродкі і ўкладаеце іх у беларускую культуру і нават у тое, што робіцца ўнутры Беларусі.

Віталь Цімошчанка: Так, я не адзін, які гэтым займаецца, ёсць шэраг людзей, якія на альтруістычных нейкіх памкненнях укладаюцца ў будучыню Беларусі ў выглядзе падтрымкі беларускай культуры, ініцыятываў. Я лічу, што гэта адна з мэтаў любога чалавека, які адчувае недахоп і перагіб у бок шалёнай русіфікацыі. І я лічу, што гэта павінна быць мэта кожнага нармалёвага беларуса – падтрымаць цікавыя, моцныя праекты, таму што наша краіна, на жаль, вельмі мала інвестуе ў сваю культуру і, на жаль, мы вымушаныя гэта рабіць, канешне, са сваіх сродкаў. Я лічу, што гэта такая ідэя на будучыню ўсіх людзей, якія здольныя зарабіць грошы, магчыма ўкласці свае намаганні і падтрымаць тое слабое, што ў нас ёсць. А наша галоўная мэта – падтрымаць сваю культуру, утрымліваць яе ў максімальнай форме, каб яна захавалася. Вось гэта вельмі важна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя