Павелічэнне рэпрэсій ў Беларусі, як паказчык набліжэння электаральнай кампаній, кажа беларускі палітык Віталь Рымашэўскі.

Аляксандр Лукашэнка і яго чыноўнікі замест дыялогу выбіраюць стратэгію запалохвання, каб перад выбарамі збіць грамадзянскую і тым больш палітычную актыўнасць грамадства, кажа Віталь Рымашэўскі.
– Пратэсты задушаныя ў Беларусі. Узровень рэпрэсій на парадак ці на некалькі парадкаў вышэй чым у Расеі. Мы бачым, што адбываецца дагэтуль – нявінных людзей па сутнасці дзясяткамі штодня кідаюць у пастарункі. І ўсё гэта для таго, каб пазбавіць нават самой надзеі і ўсялякіх мажлівасцяў людзей на актыўны пратэст. Гэтую кампанію дэмакратычным сілам хіба трэба будзе скарыстаць на тое, каб рыхтавацца да наступных выбарчых кампаній, каб прапаноўваць людзям нейкія фарматы актыўнасцяў.
А праваабаронцы падлічылі, што за тры апошнія месяцы новымі палітзняволенымі прызналі больш за 160 чалавек. Колькасць крымінальных спраў, заведзеных па факце так званых экстрэмісцкіх злачынстваў складае 19 тысяч.
Беларускае Радыё Рацыя






