BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Візуальныя грымасы рэжыму абсурду

«Минский вокзал с помощью изоленты избавился от английского языка» – чытаю навіну, гляджу здымкі, дзе табло цэнтральнага чыгуначнага вакзалу беларускай сталіцы выглядаюць нібы зубы баксёра, прарэджаныя больш моцным супернікам. Цёмна-сінія плямы, праз якія ледзь бачна праглядаюцца англамоўныя надпісы. Здаецца, сюррэалізм, але гэта свежы «крэатыў» БелЧыгункі.

Простыя людзі падыходзяць да выкрутасаў прапагандыстаў па-гаспадарску. Па-першае, замяніць табло па ўсім вакзале – гэта «хлопатнае дзельца». І грошай каштуе. Хоць, здавалася б, для бюджэту такога бізнес-монстру як «БелЧыгунка» новыя табло – справа капеечная.

Але па-другое, навошта спяшацца? Сёння ангельскую мову прыбралі, заўтра вернуць. У дзяржсістэме людзі працуюць дарослыя, шмат хто з іх яшчэ Брэжнева памятае.

Ізалента, ці нейкі падобны да яе матар’ял, – гэта нават эстэтычна вяртанне да СССР, дзе ізалента прысутнічала ва ўсіх тэхнічных крэатывах людзей. Усё, што ад пачатку не працавала, злучалі ізалентай, і хоць абы як, але ж тое штосьці варушылася.

Людзі з-за заходняй мяжы цягнікамі і раней не часта прыязджалі ў Беларусь. Цяпер вось гэтае «не надта і хацелася» каму дэманстраваць?

Як чалавек, які практычна ўсё сваё жыццё ездзіў у цэнтр Менску праз вакзал, скажу, што і ў лепшыя часы там не было асабліва тлумна. Хіба ў цёплы сезон ва Украіну на мора людзі спяшаліся на дадатковых цягніках.

Цяпер падказка прапагандыстам: вы дадайце на ўсе табло, што ёсць на Цэнтральным вакзале ў Менску, украінскую мову, і адразу ж заляпіце ізалентай.

Наагул ізаленты спатрэбіцца шмат. Трэба ж, напрыклад, увесь Мірскі замак і Нясвіжскі палац заматаць-схаваць ад вачэй. Радзівілы там розныя вадзіліся, рускі мір не прымалі. Заадно і купюры 50 і 100 рублёў трэба выняць з абарачэння, бо там акурат выявы гэтых заходніцкіх, нават русафобскіх, збудаванняў.

А барацьба з лацінскімі літарамі – гэта ж акурат дэманстрацыя сваёй антызаходнасці. Пачалі ж з беларускай лацінкі на ўказальніках у траснпарце і на вуліцах.

Але як трапна заўважыў беларускі грамадскі актывіст Павел Батуеў у сябе ў фэйсбуку, хай бы лукашысты для пачатку замазалі лацінскія літары ў сябе ў пашпартах.

А ад сябе дадам – хай замажуць яшчэ літары на сваіх доларах і еўрах, прыхаваных у слоіках пад матрацамі. У чаканні чарговага эканамічнага абвалу.

Выпраўляць рэальнасць з дапамогай ізаленты (ці скотчу) – гэта чыстай вады сцэнар для камедыі абсурду.

Беларускае Радыё Рацыя