BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вячаслаў Касінераў: Канвеер рэпрэсій працягваецца

Сённяшні госць Беларускага радыё Рацыя – сузаснавальнік праваабарончай ініцыятывы Dissidentby Вячаслаў Касінераў.

Фота: tut.by

Гутарым з ім пра вызваленне палітвязняў, якое нядаўна адбылося: як, колькі, на якіх умовах, ці гатовыя праваабаронцы аказваць дапамогу.

РР: Што вядома па стане на зараз? Я чула пра 18 палітзняволеных якія выйшлі на свабоду, ці гэта так?

– Так, зараз вядома афіцыйна пра 18 чалавек. Мы не можам цяпер называць іх імёны ў мэтах бяспекі, таму што большасць рэсурсаў і праваабарончых арганізацый вызнаныя экстрэмісцкімі. Калі людзі яшчэ знаходзяцца ў Беларусі, а відавочна што вялікая частка з іх будзе яшчэ нейкі час знаходзіцца там, любая супраца з экстрэмісцкімі рэсурсамі, фармаваннямі, і іншымі можа наклікаць яшчэ бяды на людзей. То бок гэта можа стаць падставай для крымінальнага пераследу.

РР: Давайце ўдакладнім. Гэта здаецца відавочнае пытанне, але як практыка паказвае, яно не для ўсіх відавочнае. Што тут разумеецца пад супрацай, то бок нават паведамленне ў праваабарончы цэнтр можа стаць нагодай для крымінальнай справы, так?

– Так, натуральна. Сітуацыя ў Беларусі з правамі чалавека не змянілася, нягледзячы на меркаванні некаторых асобаў з грамадзянскага сектару, так скажам. Таму рэпрэсіі працягваюцца. Адпаведна калі пра чалавека зʼявілася нейкая інфармацыя, у карнікаў узнікае лагічная думка, адкуль яна там зʼявілася? Напэўна вы неяк звязаліся. Гэта можа не выльецца адразу ў крымінальную справу, у арышт, але нейкія разбіральніцтвы ці затрыманні могуць пачацца дакладна.

РР: Ці можа гэтых вызваленых людзей стаць болей, як Вы лічыце? Гучалі розныя прагнозы, я чула і пра 20, і пра больш а 200 чалавек. Ці пойдзе яшчэ рэжым на вызваленне людзей?

– Складана сказаць. Бо гэта на самай справе не першае вызваленне людзей. Дагэтуль мы з гэтым таксама сутыкаліся, дагэтуль былі амністыі, пад якія траплялі. Мы тут у сацыяльных сетках рабілі аналітыку некалькі дзён таму, і мы падлічылі, што пад амністыю таксама ў 2022 2і 2023 годзе трапілі каля 6 чалавек з лічбы палітвязняў. Але зноў варта адзначыць, што гэта былі людзі, якім заставалася сядзець па некалькі тыдняў, некалькі месяцаў максімум. Адпаведна мы памятаем справу Ромы Пратасевіча і іншых, калі былі нейкія амністыі, вызваленні, памілаванні. То бок гэта не першыя людзі, яны проста найбольшая група, якую вызвалілі адразу.

Чаму так атрымалася мы таксама не ведаем. Адзінае што дакладна, гэта не можа сведчыць пра нейкія кардынальныя змены ў стаўленні рэжыму да сваіх апанентаў, бо рэпрэсіі працягваюцца. У нас ёсць падставы так казаць, бо за папярэдні месяц новых палітвязняў непасрэдна мы вызналі 72 чалавекі. Гэта кажа пра тое, што канвеер не спыніўся. 72 чалавекі я маю на ўвазе колькі вядома праваабаронцам. Іх можа быць болей, і хутчэй за ўсё болей. Таму рэпрэсіі не спыняюцца. Калі будуць нейкія вызваленні, то гэта будзе хутчэй абумоўлена нейкімі знешнімі фактарамі, а магчыма і сігналам Лукашэнкі, які ён прабуе данесці Захаду.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Вячаслаў заклікае падтрымаць беларускую праваабарончую супольнасць, данатамі, і што не менш важна, інфармацыйна. Калі вам нешта вядома пра затрыманых, вызваленых, пра ўмовы ўтрымання – звязвайцеся і распавядайце праваабаронцам.

Беларускае Радыё Рацыя