Госць Рацыі — cузаснавальнік ініцыятывы Dissidentby Вячаслаў Касінераў.

Пагутарылі з ім пра рэпрэсіі ў Беларусі, а таксама пра дапамогу тым, хто ад гэтых рэпрэсій пацярпеў.
РР: Што сёння адбываецца ў галіне рэпрэсій і адносін сілавікоў і насельніцтва Беларусі. Раней было больш інфармацыі. Былі так званыя «пакаяльныя» відэа. І было адчуванне, што проста зараз затрымліваюць дзясяткі людзей. Цяпер наступіла інфармацыйная ціша. На вашу думку, пра што гэта сведчыць? Няўжо сапраўды паменшыліся рэпрэсіі? Што наогул там адбываецца?
Вячаслаў Касінераў: Насамрэч рэпрэсіі не зменшыліся. Але знікла такая добрая опцыя для праваабаронцаў, і вельмі важная была для людзей, гэта расклад Вярхоўнага суда. Людзі маглі паглядзець інфармацыю пра тыя працэсы, які неўзабаве будуць, даведацца пра час іх правядзення, месца правядзення. Цяпер гэтага няма. Зразумела, што гэта схавалі ў першую чаргу ад нас. Але гэта таксама абмяжоўвае права людзей у Беларусі на інфармацыю, прычым не толькі на палітычныя суды.
Нічога дзіўнага, але, на жаль, мы бачым чарговы наступ на базавае права – адкрыты суд. Інфармацыя адсутнічае ўжо нават на такім базавым узроўні для звычайных грамадзянаў. І, канешне, у першую чаргу гэта было адрэсавана нам. Бо праваабаронцы ўвесь час сочаць за гэтым і рэгіструюць рэпрэсіі. Мы гэтую інфармацыю збіраем, публікуем. Чаму так адбываецца? Гэта ўжо напэўна нейкія геапалітычныя пытанні. Відаць Лукашэнка спрабуе зрабіць выгляд, што нешта ў краіне мяняецца. Можа ён спрабуе неяк заігрываць з новай адміністрацыяй Амерыкі. Можа быць штосьці такое.
Што датычна саміх рэпрэсій. Менш іх не стала. Таму што мы камунікуем з людзі, якія вызваляюцца. У нас існуе сетка неабыякавых людзей. І яны гавораць, што затрыманні адбываюцца прыкладна ў тых самых аб’ёмах. І калі паглядзець на звесткі праваабарончых арганізацый, то бачна, што колькасць судоў, колькасць затрыманняў не змяншаецца. Іншая справа, што тая ж палітыка, якая датычная закрытых судоў, яна адбілася і на «пакаяльных» відэа, і на іншым. Відаць існуе нейкая агульная «лінія партыі» для таго, каб схаваць тое, што адбываецца ў Беларусі. Пры гэтым важна разумець, што карэнным чынам нічога не змянілася. Жорсткасць рэпрэсій і катавальныя ўмовы ўтрымання людзей ў турмах і калоніях, у прынцыпе, застаюцца на тым самым узроўні, на якім яны была раней.
РР: А якія зараз асноўныя кірункі і артыкулы, па якіх затрымліваюць людзей? Ці актуальны яшчэ гэты народны 342-гі артыкул за пратэсты? Ці працягваюць затрымліваць за данаты?
Вячаслаў Касінераў: Можна сказаць, што перадусім гэта залежыць ад работы канкрэтных ведамстваў. Агульная тэндэнцыя такая, што працягваюцца затрыманні за пратэсты, нават і цяпер, але прытым вялікі аб’ём затрыманняў і рэпрэсій абрыньваецца на тых, хто, напрыклад, перадае нейкую інфармацыю так званым экстрэмісцкім медыя – незалежным журналістам, праваабаронцам і г.д. Бо мы ўсе прызнаныя экстрэмістамі. Таксама бачым, што і за данаты пераследуюць.
Звычайна гэта адбываецца хвалямі. Распрацоўваецца нейкая схема, можа быць нейкая фірма ці арганізацыя, ці адбылася нейкая ўцечка дадзеных, або нейкая кібератака. Потым па слядах гэтага адбываецца хваля затрыманняў. Гэта можа быць датычна нечага лакальнага. І тады мы даведваецца, што ў нейкім горадзе адбыліся затрыманні на нейкай фірме, ці затрымалі ўдзельнікаў нейкага чату. Часам гэта досыць масавыя затрыманні.
Цалкам размова:
Вячаслаў Касінераў заклікае не маўчаць пра факты рэпрэсій, а паведамляць пра гэта праваабаронцам.
Беларускае Радыё Рацыя






