Госць Беларускага Радыё Рацыя — Вячаслаў Жукаў, праектны дырэктар фонду «Краіна для Жыцця». Гутарым з ім пра працу шэлтара для беларускіх уцекачоў у Вільні. У розных жыццёвых абставінах туды трапляюць розныя людзі. Бывае, што літаральна без неабходных рэчаў, нават без дакументаў.

РР: Як даўно існуе шэлтар у Вільні? Каго ён прымае?
Вячаслаў Жукаў: Гэтым шэлтарам у Вільні мы пачалі займацца з чэрвеня гэтага году. Раней ён знаходзіўся ў кіраванні Службы хуткай гуманітарнай дапамогі, у якую ўваходзіць некалькі арганізацый. Але з чэрвеня 2025 году мы цалкам узялі на сябе працу над гэтым шэлтарам. Мы прымаем беларусаў, якія экстрана прыязджаюць у Літву і ім патрэба жыллё на нейкі першапачатковы час. Гэта могуць быць як былыя палітвязні, іх сем’і, рэпрэсаваныя людзі, гэта тыя, хто мае патрэбу ў часовым жыллі. Мы прадстаўляем гэтае жыллё тэрмінам максімум на два месяцы. Разам з гэтым мы імкнемся аказаць і іншую дапамогу. Штосьці параіць, дапамагчы з дакументамі, з юрыдычнымі і эміграцыйнымі пытаннямі і г.д.
РР: Вы кажаце, што жывуць людзі, якія ў тэрміновым парадку былі вымушаны з’ехаць з Беларусі. Я так разумею, што гутарка ідзе і пра ўцекачоў, якія бягуць лясамі, праз зачыненую мяжу.
Вячаслаў Жукаў: Так, у тым ліку і такія. Нам заяўкі на магчымае засяленне прыходзяць з розных бакоў – і ад сваякоў палітвязняў, і ад актывістаў, і ад іншых партнёрскіх ініцыятываў. То бок, гэта могуць быць, напрыклад, людзі, эвакуяваныя Байсолам. Мы працуем у партнёрстве з вялікай колькасцю беларускіх арганізацый і ініцыятываў. І нам пішуць запыт, калі камусьці патрэбная дапамога, патрэбнае месца ў шэлтары, і калі яно ў нас ёсць і мы можам яго прадставіць, то тады мы гэта робім і можам прыняць чалавека тэрмінам да двух месяцаў.
РР: Распавядзіце, у якім стане звяртаюцца да вас людзі? Я разумею, што гэта той выпадак, калі з сабой можа быць нічога няма.
Вячаслаў Жукаў: Так. Тут важна разумець, што гэтыя выпадкі могуць быць абсалютна рознымі. Гэта можа быць і звыклае перасячэнне граніцы, напрыклад, нейкаму сваяку палітвязня трэба тэрмінова пакінуць краіну і ён прыязджае ў Літву з візай, у яго ёсць нейкія базавыя дакументы – пашпарт, віза, нават усе патрэбныя рэчы, але пакуль што яму няма дзе жыць, трэба знайсці нейкае жыллё, і на такі пераходны перыяд шэлтар можа быць рашэннем. Ну і гэта сапраўды могуць быць людзі эвакуяваныя, у іх сапраўды нічога няма. І тады мы з дапамогай валанцёраў шукаем патрэбныя рэчы, звяртаемся і да партнёрскіх ініцыятываў. І другі момант, калі прымаем былых палітвязняў, якія прымусова выдвараюць за межы краіны, і сапраўды яны прыязджаюць без рэчаў, часам нават без пашпартоў. І тут мы таксама імкнемся дапамагчы, шукаем нейкія варыянты.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя






