Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без змяненняў прысуд па справе аб атацы на самалёт Далёкага Радыёлакацыйнага Выяўлення і Кіравання (ДРЛО) А-50 у Мачулішчах. Абвінавачаныя аспрэчвалі кваліфікацыю сваіх дзеянняў і лічылі прысуд занадта строгім, але апеляцыйныя скаргі былі адхілены, паведамляе Генпракуратура.

Справу разглядаў Менскі гарадскі суд, які 4 кастрычніка вынес прысуд 12 абвінавачаным. Сярод іх — грамадзянін Украіны Мікалай Швец і беларусы, уключаючы Аляксандра Азарава, Віталя Якуціка і Міхаіла Дзёміна.
Швец прысуджаны да 25 гадоў зняволення за «акт тэрарызму» і незаконны абарот выбуховых рэчываў. Яго назвалі «выканаўцам» нападу, аднак у чэрвені ён быў перададзены Украіне ў рамках абмену. Іншыя ўдзельнікі, якіх прызналі вінаватымі ў здрадзе дзяржаве, фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці і актыўным удзеле ў незаконных дзеяннях, асуджаны на тэрміны ад 2 гадоў 3 месяцаў да 25 гадоў пазбаўлення волі.
Беларускае Радыё Рацыя
Калаж: “Вясна”






