Былы палітвязень з Баранавічаў Ігар Фёдараў у 2020 годзе ладзіў пратэсныя акцыі на прадпрыемстве, за што быў звольнены з авіярэмонтнага заводу. Пасля ператрусу і пагрозы затрымання з’ехаў з Беларусі ў Польшчу.

А з пачаткам поўнамаштабнай вайны напісаў каментар у сацсетках пад прамовай Лукашэнкі і вярнуўся ў краіну, каб удзельнічаць у антываенных акцыях. Мужчыну асудзілі за «абразу Лукашэнкі» на 2 гады калоніі. Ён цалкам адбыў тэрмін і зноў з’ехаў у Польшчу.
Ігар распавёў «Вясне», як аб’ядноўваў завадчан на акцыі салідарнасці, як ў пачатку вайны ўкраінцы пазычылі яму грошы на квіток у Беларусь, як суддзя 40 хвілін зачытвала ўсе яго спартовыя заслугі, а таксама як камера ШІЗА ад холада і стомы пераўтвараецца ў «карцінную галерэю».
Мужчына кажа, што ні аб чым не шкадуе і падводзіць уласныя вынікі жыцця ў калоніі.
“Улады “скралі” у мяне два гады жыцця. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці і нягоды, гэты час не прайшоў дарма. Я займаўся самаразвіццём і палепшыў сваю фізічную форму. У няволі прачытаў 50 кніг. Па выхадзе з ШІЗА я кінуў паліць і дагэтуль трымаюся. А таксама актыўна займаўся спортам і схуднеў з 160 да 100 кілаграмаў. Падтрымка сям’і і блізкіх вельмі дапамагла мне перажыць гэтыя два гады. Хачу асобна падзякаваць Аляксею Субатовічу, беларускаму актывісту з Кракава, які дапамог мне з пераездам у Польшчу і адаптацыяй.
Калі павярнуць час назад, я б паступіў таксама”.
вясна






