Ва Украіне набірае абароты новая схема ўхілення ад мабілізацыі – фіктыўны шлюб з жанчынай-інвалідам.
Сістэма «Шлях», з дапамогай якой кіроўцы прызыўнога ўзросту ва ўмовах ваеннага становішча могуць перасякаць мяжу як валанцёры, цяпер падвяргаецца ўзмоцненаму кантролю: з пачатку функцыянавання сістэмы больш за дзве тысячы так званых перавозчыкаў гуманітарных грузаў не вярнуліся ва Украіну. Плаўцоў-тапельцаў праз Раку смерці – так называюць Тысу на Закарпацце – ужо больш за дваццаць. Мужчыны хацелі патрапіць у Румынію. Так што фіктыўны шлюб, як бяспечны для жыцця спосаб перасячы мяжу, хоць і каштуе ад дзвюх да сямі тысяч даляраў, набыў вялікую папулярнасць.
Рынак такіх паслуг – вяселле ўсляпую – квітнее ў Фэйсбуку і Тэлеграме. Частка груп займаецца пошукам жанчын з інваліднасцю, гатовых за ўзнагароду выйсці замуж за ўхіліста, а частка – пошукам саміх жаніхоў. Галоўная складанасць для паліцыі і СБУ заключаецца ў тым, што выкрыць фіктыўнасць шлюбу практычна немагчыма. Гэта атрымліваецца ў тым выпадку, калі праваахоўнікі выходзяць на «сваху» і пачынаюць раскручваць ланцужок датычных асоб.
Для параўнання: у РФ вясельны бум меў іншую сэнсавую нагрузку – жанчыны шукалі жаніхоў сярод тых, каго закранула мабілізацыя, каб у будучыні атрымаць выплаты па факце смерці мужа. Цікавая асаблівасць фіктыўных шлюбаў: украінцы плацяць за жыццё, уцякаючы ад вайны, а расейцы – за смерць. І гэта пры тым, што з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання дзясяткі тысяч сапраўдных украінскіх мужчын вярнуліся з-за мяжы, каб абараняць сваю зямлю. Як кажуць, у кожнага свае прыярытэты.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Малюнак freepik.com