Вольга Івашына – жонка беларускага палітзняволенага, журналіста Дзяніса Івашына – чакае з-за кратаў свайго мужа з 12 сакавіка 2021 года. Асуджаны Дзяніс на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Для палітычных вязняў у беларускіх турмах створаны страшна жорсткія ўмовы. З госцяй Беларускага Радыё Рацыя Вольгай Івашынай пра тое, што ёй вядома апошнім часам пра мужа, які напрыканцы чэрвеня мінулага года пераведзены ў Жодзінскую турму №8, размаўляе наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.

РР: Вольга, што вам вядома пра вашага мужа?
Вольга Івашына: У прынцыпе збольшага такіх навінаў асаблівых няма. Ён сядзіць у Жодзіне ў звычайнай камеры.
РР: Адзін?
Вольга Івашына: Не, не адзін, у яго ёсць суседзі, з якімі ён на Каляды дзяліўся аплаткамі. Не ведаю, дзе іх ён знайшоў, яшчэ не высветлілі гэтае пытанне. Сядзіць, чытае кнігі, замаўляе сабе праз кніжны клуб, піша нам лісты даволі часта. Тэлефануе нам раз на месяц, пакуль у гэтым месяцы яшчэ не было тэлефанавання.
РР: Здаецца, што сядзіць з прывілеямі?
Вольга Івашына: Я не ведаю, пакуль што ўсё ціха і спакойна, што нас, канешне, цешыць. Лепш бы ён дома сядзеў, а не за кратамі, але хаця б так.
РР: Дазвалялі яму спатканне з вамі хоць якое-небудзь?
Вольга Івашына: Былі толькі два спатканні пасля агучвання прысуду і пасля апеляцыі. З бацькамі ён сустракаўся. А пасля ўжо, калі яго перавялі ў калонію і потым у турму, ніякіх спатканняў яму не дазволілі. Бліжэйшае хіба на сакавік ці красавік прызначанае. Я нават і не ведаю. Калі шчыра, яны там могуць у прынцыпе пазбавіць гэтага спатканне на раз-два, таму тут складана штосьці казаць. Ні перадачаў, ні пасылак, ні спатканняў адпаведна ў яго не было з часу судзілішча.
РР: Што вам удалося яшчэ даведацца з лістоў, якія ён вам дасылае, у якіх умовах ён там знаходзіцца?
Вольга Івашына: Такіх зменаў, у параўнанні з СІЗА, няма, таму шо ён сядзіць увесь дзень у камеры, толькі каля гадзіны ў дзень ён ходзіць на вуліцу, яго выводзяць ва ўнутраны дворык. У прынцыпе піша, што харчаваннем задаволены. Канешне, мы разумеем, што яго там недастаткова, улічваючы, што перадачаў няма і яму можна на месяц выдаткаваць толькі адну базавую велічыню. Гэта нішто з тымі коштамі, якія зараз у Беларусі. Ну, а тое, што ў камерах, наколькі нам вядома, збольшага цёпла, нават у вялікія маразы там было не халодна, што таксама цешыць. У асноўным ён чытае, выпісвае часопісы і газеты, дзяржаўныя, натуральна, іншых там няма.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя






