Усё часцей беларусы, якія вымушаныя былі пакінуць краіну з палітычных прычын, сутыкаюцца з праблемай, калі заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта. Пасля з’яўлення сумна вядомага Указу “Аб парадку выдачы дакументаў”, змяніць ці падоўжыць пашпарт у консульствах Беларусі стала немагчыма. Пра тое, як выжыць беларускім эмігрантам без дакументаў, абмеркавалі з кіраўніцай праваабарончай арганізацыі Lawtrend Вольгай Смалянкай.

РР: Пачнем з такой краіны, як Грузія. Якія зараз маюцца сцэнары і стратэгіі жыцця ў беларусаў Грузіі? Таму што там ёсць праблемы з дакументамі.
Вольга Смалянка: Вы пачалі з таго, што сказалі, што праблемы з пашпартамі тычацца беларусаў, якія вымушаныя былі пакінуць Беларусь. Але перадусім я б звярнула ўвагу на гэтае пытанне беларусаў, якія яшчэ знаходзяцца ў Беларусі. Таму што ў іх ёсць магчымасць пра сябе паклапаціцца. У сённяшняй сітуацыі, якая адбываецца ў Беларусі, ніколі не ведаеш, што адбудзецца заўтра. Таму я б спачатку сказала, што беларусам у Беларусі трэба спачатку думаць пра дакументы, якія ёсць. І правяраць тэрміны заканчэння. Зараз, напрыклад, можна атрымаць біяметрычны пашпарт. І на яго падставе адразу два пашпарты. Таму я б увогуле параіла ўсім беларусам, не толькі тым, якія выехалі, пільную ўвагу надаваць дакументацыі.
Што тычыцца беларусаў Грузіі. Для тых, хто часова, або пастаянна вырашыў жыць на тэрыторыі Грузіі, сітуацыя даволі складаная з дакументамі. Таму што ў Грузіі на дадзены момант не вырашанае пытанне з тым, што рабіць, калі ў грамадзяніна Беларусі на тэрыторыі Грузіі заканчваецца пашпарт. Проста таму, што не прадугледжана магчымасць атрымаць такі дакумент, які можна атрымаць у іншых краінах, у некаторых краінах яго называюць “пашпарт замежніка”. Адпаведна, у Грузіі гэтае пытанне не вырашана. Таму праз гэта стратэгія даволі простая – людзі вымушаныя з’язджаць. Для многіх гэта балючы другі ад’езд, бо людзі пакінулі Беларусь, ужо ўладкавалі нейкім чынам сваё жыццё ў Грузіі, але вымушаныя з’язджаць з краіны, бо ў іх, або ў іх дзяцей закончыліся пашпатры.
РР: Пытанне наконт атрымання міжнароднай абароны ці ўцякацтва ў Грузіі, таксама яшчэ не было выпадкаў?
Вольга Смалянка: Грузія дае міжнародную абарону. У мінулым годзе было некалькі выпадкаў, але ўсе яны не тычыліся, на жаль, грамадзян Беларусі. То бок, па стане на мінулы год, была пададзена 21 заява на атрыманне статуса бежанца, але ніводнага станоўчага кейса не было. Тут варта звярнуць увагу вось на што. Па заканадаўстве Грузіі, тэрмін разгляду дакументаў вельмі вялікі. Ён можа дасягаць 21 месяца. А на практыцы разгляд цягнецца яшчэ больш. Калі прынятае рашэнне аб адказе, то можна падаваць апеляцыю. І, адпаведна, працэс можа расцягнуцца на гады. І тут вялікае пытанне, ці гатовы чалавек, калі дакументы пададзены на міжнародную абарону, а падчас іх разгляду нельга пакідаць тэрыторыю краіны, то ці гатовы ён так доўга знаходзіцца на тэрыторыі краіны без выезду? І яшчэ адно вялікае пытанне – гэта дзеці, якія нарадзіліся на тэрыторыі Грузіі. Бо дзеці там не атрымліваюць ніякага дакумента, то бок, яны атрымліваюць пасведчанне, якое пацвярджае факт нараджэння на тэрыторыі Грузіі, але гэта не дакумент, які пацвярджае іх асобу. То бок, яны не могуць выехаць з ім за мяжу. І ўсё што могуць зрабіць бацькі, гэта атрымаць даведку аб вяртанні.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя