BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вольга Смалянка: З 2020 года ўлады ў Беларусі ліквідавалі каля паловы ўсіх грамадскіх арганізацый

У новай справаздачы праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за апошні год масавая ліквідацыя ў Беларусі істотна закранула ў тым ліку і аб’яднанні польскага ды іншых нацменшасцяў. Напрыклад, з 11 зарэгістраваных у Беларусі нацыянальных, культурна-асветніцкіх некамерцыйных арганізацый палякаў пасля пачатку масавай ліквідацыі ў 2021 годзе засталося толькі дзве.

Мы пагутарылі з кіраўніцай праваабарончай арганізацыі «Lawtrend» Вольгай Смалянкай пра тое, якія тэндэнцыі па кантролі і ліквідацыі грамадскіх арганізацый назіраліся ў Беларусі за мінулы год; наколькі бяспечны ўдзел актывістаў на судах па ліквідацыі арганізацый у Беларусі; і якія асноўныя перашкоды маюцца для фінансавання грамадзянскіх арганізацый у краіне зараз.

РР: Раскажыце калі ласка пра асноўныя тэндэнцыі снежня ў становішчы грамадскіх арганізацый у Беларусі?

– Калі мы гаворым пра сітуацыю арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў Рэспубліцы Беларусь, то, на жаль, тэндэнцыі за апошнія два гады мяняюцца вельмі мала. Калі мяняюцца, то ў асноўным у негатыўны бок. У той жа час, за 2023 год ёсць пара і новых, цікавых тэндэнцый. Што тычыцца старых тэндэнцый, то першая тэндэнцыя – гэта тое, што беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці не спыняюцца. Колькасць арганізацый, якія ліквідуюцца ў Беларусі расце. Яна не памяншаецца.

У кастрычніку-лістападзе крыху прыпынілася хваля прымусовай ліквідацыі некамерцыйных арганізацый, у тым ліку грамадскіх аб’яднанняў. Але зноў-такі ў снежні яна стала такой жа інтэнсіўнай, як і раней. І тое самае тычыцца самаліквідацыі, гэта значыць арганізацыі, якія прымаюць рашэнне аб самастойнай ліквідацыі. Колькасць арганізацый, якія прымалі такое рашэнне вырасла.

У снежні ўвогуле агульная колькасць арганізацый, якія ўлада прымусова ліквідуе і арганізацыі, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі, а я яшчэ раз згадаю, што тыя арганізацыі, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі, яны шмат у чым тыя арганізацыі, якія прымаюць гэтае рашэнне пад прымусам уладаў, тая колькасць гэтых арганізацый дасягнула і перавысіла планку паўтары тысячы.

Гэта вельмі шмат, улічваючы, што, напрыклад, грамадскіх абʼяднанняў у Беларусі ў зарэгістраваным статусе да пачатку хвалі масавых рэпрэсій, гэта значыць канца 2020 года, было крыху больш за тры тысячы. У зарэгістраваным статусе засталося не нашмат больш за палову, дзесьці на 200 арганізацый, больш, чым палова. Што да іншых тэндэнцый, то гэта тыя ж тэндэнцыі, якія былі і раней.

Гэта значыць улада выкарыстоўвае заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці, аб контртэрарызме супраць актывістаў у Беларусі, супраць арганізацый грамадзянскай супольнасці. Арганізацыі прызнаюцца экстрэмісцкімі фармаваннямі. Сродкі масавай інфармацыі, гэта значыць інфармацыйныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюць актывісты і арганізацыі грамадзянскай супольнасці, прызнаюцца экстрэмісцкімі матэрыяламі. І ў 2023 годзе была вельмі шырокая практыка прыцягнення да крымінальнай адказнасці людзей, якія данатылі.

Людзей, якія аказвалі ахвяраванні арганізацыям грамадзянскай супольнасці, прычым вельмі рознага профілю. Гэта значыць, людзей змушалі пераводзіць грашовыя сродкі ў дзесяціразовым памеры. Гэта другая тэндэнцыя, якая датычыцца арганізацыі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Таксама не спыняецца адміністрацыйна-крымінальны пераслед актывістаў. У месцах пазбаўлення волі знаходзяцца і праваабаронцы за ажыццяўленне праваабарончай дзейнасці закону. Іх агульная колькасць перавысіла сотню.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

З «Госцяй Рацыі» – кіраўніцай праваабарончай арганізацыі «Lawtrend» Вольгай Смалянкай, камунікавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя