BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вольга Вялічка: Не магла ўявіць, што ў маім жыцці будзе такое

Госця Рацыі – Вольга Вялічка, псіхолаг, былая дырэктарка ліквідаванага ўладамі гарадзенскага хоспісу. Размаўляе з ёй наш карэспандэнт Міхась Андрасюк.

РР: Хоспіс рабіў добрую справу, дапамагаў дзясяткам сем’ям, а на вас завялі крымінальную справу тры месяцы таму, 2 жніўня, у парадку спецвытворчасці далі 9 гадоў пазбаўлення волі і штраф 12 000 рублёў. А «намалявалі» вам артыкулаў, здаецца, сем, чаго там толькі няма. Вольга, насамрэч чаму вы патрапілі ў гэты судовы канвеер?

Вольга Вялічка: Таму што так склаўся лёс. Я ніколі не магла ўявіць, што ў маім жыцці будзе такі экшан. І, калі казаць, як я гэта ўспрымаю, то як прыкмету часу, як тое, што мяне не надта датычыцца. Людзі робяць сваю справу, а нам трэба рабіць сваю справу. Таму што калі падыходзіць сур’ёзна і глядзець на ўсе гэтыя лічбы, якія там «намаляваныя», і вось гэта ўсё, гэта не проста ўсё вельмі сумна, гэта можна «галавой паехаць у лякарню». Таму тыя людзі, якія там знаходзяцца, якія, прыйдзе час, будуць казаць «мы не хацелі, нам гэта сказалі зрабіць, гэта наогул не мы», а суддзі будуць казаць «мы ж асудзілі, таму што былі дакументы», а сведкі, якія сведчылі, будуць казаць «а што мы маглі зрабіць». То бок гэта такая гісторыя, якую мы бачылі 70 год таму. На вялікі жаль, гэта тое, чаго мы не бачылі пасля распаду Савецкага саюзу, калі архівы КДБ да сённяшняга часу пад замком. І я вельмі спадзяюся, што той перыяд, які мы зараз праходзім, што, прынамсі мая справа, будзе раскрытая, будзе зразумела хто пра што сведчыў, чаму сведчыў, як прымаліся гэтыя рашэнні ў кабінетах гарвыканкама ў панядзелак 18 кастрычніка. Мне гэта ўсё вядома, і я вельмі спадзяюся, што гэта будзе вядома шырока, калі прыйдзе час і гэта ўсё скончыцца.

РР: А 29 кастрычніка, днямі раней, Вярхоўны суд разглядаў вашу апеляцыю, вынік, здагадваюся, Вам вядомы гэтай апеляцыі?

Вольга Вялічка: Ну які там вынік (смяецца). Я думаю, што пакінулі без задавальнення. Нічога дзіўнага. Было б дзіўна, каб нешта там яны змянілі., вось гэта было б дзіўна. Было б шмат пытанняў, напэўна, да мяне.

Я да гэтага стаўлюся нармальна, таму што Бубенчык, суддзя, не ведаю, як яго завуць, які ў Гародні там выносіў гэтыя прысуды мне, ён жа іх выносіў не з галавы, то бок уся фактура была падрыхтаваная, усё было зроблена, каб я вось гэтыя 9 год заслужыла свае. І Вярхоўны суд таксама разгледзеў гэта ўсё і не ўбачыў там ніякай крамолы і сказаў пакінуць усё ў моцы.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя