Сацыяльныя праблемы беларусаў у эміграцыі. Як беларусам атрымліваць пенсіі, калі яны знаходзяцца за мяжой? На якую сацыяльную дапамогу ад замежнай дзяржавы можна разлічваць?

Наша госця ў студыі — Вольга Вялічка, псіхолаг, старшыня камісіі па сацыяльнай палітыцы каардынацыйнай рады трэцяга склікання.
РР: Прапаную паразмаўляць пра сацыяльныя праблемы беларусаў у замежнай міграцыі. Пасля апошніх так званых прэзідэнцкіх выбараў сотні тысяч беларусаў з’ехалі з радзімы, у значнай большасці проста збеглі ад пераследу, і ў гэтай групе ёсць пенсіянеры, ёсць людзі пенсійнага ўзросту. Што датычыцца іншых краін, Беларусь мае двухбаковыя дамоўленасці па пенсіях, у тым ліку з Польшчай, і дапамога ёсць, але пенсіі часам няма.
– Так. Такая праблема існуе, у адрозненне ад Літвы, якая скасавала такую дамову. Польшча яе мае. Але тут узнікае праблема ў тым, што для таго, каб польскі бок пачаў налічваць пенсіі беларусам (так званая экстрадацыя пенсій з Беларусі ў Польшчу), польскаму боку неабходна, каб была даведка ад структур Міністэрства па сацыяльнай абароне і працы з беларускага боку. Нам вядома, што польскія структуры адпраўляюць такія запыты ў нашу краіну, але адказу няма. Таксама пенсіянеры спрабуюць самастойна атрымаць такія даведкі, але і ў гэтым плане таксама маем “глухі” адказ, як у прамым, так і ў пераносным сэнсе — у філасофскім сэнсе таксама можна аб гэтым гаварыць. З беларускага боку такія даведкі цяпер не выдаюцца.
РР: А можна аформіць даверанасць на людзей, якія засталіся жыць у Беларусі? Яны атрымліваюць грошы на свой рахунак, затым перадаюць іх за мяжу.
– Я не думаю, што гэта магчыма. Я лічу, што пенсія павінна быць персаналізаванай, яна павінна перадавацца асабіста. Таму я не думаю, што па даведцы можна атрымліваць пенсію людзям, якія пражываюць за межамі Беларусі.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя