Вольга Зазулінская была прызначана на пасаду прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК. За плячыма — кіраўніцтва фондам «Краіна для жыцця», праваабарончая дзейнасць, «Хуткая гуманітарная дапамога». Але галоўнае тыповы шлях беларуса: нараджэнне ў райцэнтры Стоўпцы — пераезд у сталіцу на вучобу, а пасля і сталая праца там, ажно да падзей 2020 года.

Вольга Сямашка пагутарыла прадстаўніцай па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінету Вольгай Зазулінскай пра тое, чаму ў Беларусі людзі выбіраюць горадам для жыцця Менск; чаго не стае беларускім Стоўпцам, як і астатнім беларускім раённым цэнтрам; дый як даецца ў знакі ў працы ў выгнанні зямляцтва з Івонкай Сурвілай, Якубам Коласам і Юрыям Сабалеўскім:
РР: Родам з беларускага раённага цэнтру Стоўпцы, але горадам для жыцця выбралі Менск. І гэта тыповая гісторыя для Беларусі. Чаму так складваецца? Чаму людзі выбіраюць беларускую сталіцу для жыцця, а не абласныя, раённыя цэнтры?
— Я магу напэўна сказаць, чаму ў маім жыцці так склалася. Я не выбірала спецыяльна жыць у Менску; так проста склаліся абставіны, што ў 16 гадоў я пачала падпрацоўваць у Менску,бо трэба было памагаць маёй бабулі. Я была ў такім веку, калі дзяўчатам хочацца хадзіць у кіно і модна адзявацца, гэта зусім нармальна. У маім дзяцінстве, ды і, мабыць, дагэтуль, людзі імкнуцца паехаць у Менск вучыцца, многія застаюцца, нехта вяртаецца. Я засталася, бо так было зручней — не хацела марнаваць шмат часу на дарогу, ездзіць туды-назад. Гэта 80 кіламетраў, а на той час паездка на электравіку ў адзін бок займала амаль дзве гадзіны. Таму для мяне гэта было рацыянальная пастанова.
РР: З вашых назіранняў, наколькі Стоўпцы змяніліся за час кіравання Лукашэнкі? Прайшло ўжо 30 гадоў. Штосьці стала лепш ці штосьці горш?
— Ну, мне цяжка сказаць, бо я там не жыла з таго часу, як з’ехала ў Менск. Я прыязджала вельмі рэдка — гэта былі сустрэчы з выпускнікамі, што адбываліся раз у пяць гадоў, калі мы збіраліся невялікім складам з аднакласнікамі. Магла прыехаць у адпачынак да маці, але гэта не значыла, што я паглыблялася, як жыве горад. Гэта было больш час для таго, каб правесці яго з сям’ёй. Але візуальна горад рос, пашыраўся, з’яўляліся новыя жылыя забудовы, спартыўныя комплексы — гэта тое, што я бачыла падчас шпацыраў. Горад змяніўся, мабыць, як і ўсё ў Беларусі змянялася, але гэта было хутчэй зменай абалонкі. Унутры заставаўся „савок“, пагатоў у мястэчках, гэта ўсё было вельмі цяжка. Калі абласныя цэнтры больш дынамічна развіваліся, то ў мястэчках, мне здаецца, „савок“ дагэтуль.
РР: І тут у першую чаргу адыгравае ролю сам пошук працы і аплата — напэўна, нізкія заробкі. Ці ведаеце вы асабіста людзей, што вучыліся ў Менску, апасля вернуліся ў родныя Стоўпцы, каб там ужо працаваць і жыць?
— Ведаеце, мне здаецца, што ў выпадку з маім горадам мы былі не вельмі далёка ад Менску, таму многія людзі ездзілі на працу ў сталіцу і вярталіся дадому. Хтосьці на машынах, хтосьці на маршрутках, калі яны пачалі хадзіць, калі ўжо не толькі аўтобусы і электравікі, як у маю маладосць. Дакладнай статыстыкі я не бачыла, але магу сказаць са свайго досведу, што, мабыць, з майго класа каля 70% аднакласнікаў засталіся ў Стоўпцах. Тыя, хто скончыў вучобу, вярталіся і цяпер жывуць у гэтым горадзе. Імаверна, пасля 2020 года адбыўся адток людзей праз рэпрэсіі але да 2020 года гэтыя людзі жылі акурат у Стоўпцах.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
З “Госцяй Рацыі”, прадстаўніцай па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінету Вольгай Зазулінскай камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя