Госця Рацыі — прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету па сацыяльнай палітыцы і кіраўніца фонду “Краіна для жыцця” Вольга Зазулінская. Гутарым з ёй пра дзіцячы летнік “Крывічы”, а таксама пра знакамітую беларускую салідарнасць.

РР: Я ведаю, што ініцыятыва «Краіна для жыцця» рэалізуе праект «Летні лагер для дзяцей “Крывічы”». Распавядзіце, калі ласка, падрабязней, што гэта такое, што гэта за летнік, калі ён адбудзецца, хто ў ім можа ўзяць удзел?
Вольга Зазулінская: Па-першае, мне хацелася б сказаць, што гэта не толькі дабрачынны фонд «Краіна для жыцця». Гэта партнёрства. Гэта арганізацыя «Крывічы», якая існуе ў Польшчы. Гэта дабрачынны фонд «Краіна для жыцця». Гэта грамадзянскі рух «Краіны для жыцця». І пры падтрымцы прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета. Вось мы ўсе разам сабраліся і вырашылі, што менавіта ў гэтым годзе хочам у такім складзе зрабіць класны праект.
Гэты праект накіраваны на дзяцей палітвязняў, па-першае, і дзяцей беларускіх добраахвотнікаў і актывістаў, якія былі рэпрэсаваныя пасля 2020 году. Мы вырашылі, што хочам працаваць з вось гэтымі дзецьмі, што мы хочам зрабіць нейкі праект, каб гэтыя ўсе дзеткі апынуліся недзе ў адной прасторы, пабачылі адзін аднаго, падтрымалі адзін аднаго, бо дзеці, гэта, па-першае, наша будучыня, якую мы ствараем ужо сёння.
РР: І давайце можа адзначым, чым ён адметны. Чым там будуць займацца дзеці? Якая там праграма, калі яна ўжо вядома?
Вольга Зазулінская: Канчатковай праграмы яшчэ няма, але гэта будзе дакладна і пра творчасць, і нейкія спартыўныя мерапрыемствы, гэта будуць адукацыйныя праграмы, гэта пра нашу беларускую ідэнтычнасць, мы ўсё гэта робім праз прызму беларускай ідэнтычнасці. Там будуць і нейкія моўныя івэнты, і літаратурныя івэнты. Зараз мы запрашаем і нашых творцаў, якія прыедуць у якасці валанцёраў у наш летнік і будуць праводзіць нейкія івэнты з дзецьмі. Таму праграма будзе разнастайная.
Цалкам размова:
Вольга Зазулінская нагадвае – падтрымаць праект можна не толькі грашыма. Вы можаце стаць валанцёрам ці самастойна купіць нейкія матэрыялы для яго. Скантактуйцеся з “Краінай для жыцця”, каб атрымаць дадатковую інфармацыю.
Беларускае Радыё Рацыя






