У Віцебскім абласным судзе 20 жніўня ў закрытым рэжыме распачаўся другі суд над былой старшынёй незалежнага прафсаюзу «Нафтан» з Наваполацка Вольгай Брыцікавай, якую ў красавіку асудзілі на 3 гады калоніі.

Гэтым разам жанчыну абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці),
- ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы),
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Справу разглядае суддзя Яўген Буруноў.
Вольга адпрацавала на прадпрыемстве «Нафтан» 16 гадоў, яе звольнілі за выказванне сваёй пазіцыі. Яе шмат разоў затрымлівалі за выказванні супраць вайны і распаўсюд нібыта «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Цягам 2022 года яна правяла ў зняволенні 105 дзён, з іх 75 — запар.
Віцебскі абласны суд 8 красавіка ў закрытым рэжыме асудзіў Вольгу да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Актывістку абвінавацілі ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы» паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Такі прысуд агучыла суддзя Галіна Бондал.