Месяц снежань, у адпаведнасці са сваім назовам, у першай сваёй палове крыху нам аснежыў і прыпудрыў немалы кусочак свету. І нават марозік пайшоў стабільны цягам некалькіх сонечных дзён, што пачало здавацца, быццам удалося нам апынуцца ў пачуцці нейкай нармальнасці. А нават прыгажосці, прынамсі той прыроднай стыхійнасці. Але ўсё, што добрае ў гэтым свеце, хутка заканчваецца. Снежная коўдра-пудра пачала зыходзіць у цемнасці дня і ночы з наступіўшымі галалёдзічнымі дажджамі. І сплываючая струмочкамі вада і балотная гразь ізноў навеяла на чалавечае і зямное аблічча пачуцці суму, дэпрэсняку, маўчання і ўнутранага чакання лепшага надвор’я на ўласным панадворку ― тым вонкавым і сваім ўнутрана-духоўным. Тут толькі моцная воля, прага і перакананасць у нармальнасці і лепшых днях жыцця становяцца зарукай той вытрымкі, якая дзякуй Богу, дадзена яшчэ чалавечаму роду.
Вольнаму воля, ― гавораць стагоддзямі пра адзін з самых складаных і цяжкіх міфаў і прытчаў боскага і людскога суіснавання і змагання ў касмаганічным парадку таго зямнога свету. Тая «вольная воля» душы, сэрца і розуму ― гэта той рухавік, што тысячагоддзямі клаўся пад жыццёвыя лёсы і сцежкі выбару свабоды самога чалавецтва, як і потым яго выяўлення ў цывілізацыйным фармаце народаў і дзяржаў. У вольнага чалавека натуральнай яму будзе эмпатыя і разуменне ўзаемадапамогі і пашаны для іншых. Тут не толькі справа ва ўзаемных адносінах людзей, але адчуванне і разуменне патрэбы свайго гарманічнага суіснавання са светам сакральна-прыроднага ўзаемапранікання. Жыццё ў свабодзе і натуральным кругазвароце выклікае ў нас патрэбу абароны праўды перад яе чартоўскімі ворагамі і захопнікамі-ненавіснікамі, нават права людзей на надзею і мары. Той ужо адчувальны і яшчэ прываблівы палон «прагрэсіўных цывілізацыйных каштоўнасцей» у спалучэнні з эканамічна-юрыдычна-культуралагічным пасылам будучым у рэальнасці таксама пасткай, пачынае ў штораз большай часткі людзей ставіць (яшчэ на шчасце!), пад унутраную развагу пытанне пра межы асабістай, сямейнай ці нацыянальна-дзяржаўнай свабоды. Рэальная вайна вакол нас паказвае як на далоні той кашмар, што разбурае і разбівае не толькі дзяржаўнае існаванне, але і чалавечае права на сваё мышленне. Сілы зла і агрэсіі ў кожным іх выглядзе і форме патрабуюць штораз большай колькасці заложнікаў і ахвяр дзеля сваіх мэт падпарадкавання і таталітарнай мадэлі для іхняй улады. Глядзеўшы на бахаючыя ўвесь час ваенныя бочкі пораху ў штораз то новых кропках свету і азвярэнне Крамля ў намеры генацыду ўкраінскага народа і дзяржавы, як на далоні паказваюць крывадушнасць міжнароднай палітыкі і рэальнасці мілітарнага супрацьстаяння на дарозе пуцінскай Расіі. Такой дарогай таталітарнай дыктатуры і знішчэння беларускага народа і яго незалежнай дзяржавы з паловы дзевяностых гадоў крочыць маскоўскі служка і русіфікатар Аляксандр Лукашэнка. З Украіны і Беларусі маем тады дачыненне з ваеннымі, палітычнымі, эканамічнымі бежанцамі і ўцекачамі ў такім вялікім чалавечым вымярэнні, што для нацянальна-генетычна-палітычнай самастойнай будучыні тых народаў складаюць мякка яшчэ кажучы вялікую пагрозу. У выпадку, не дай Божа, некарыснага ходу вайны ва Украіне страх думаць, што чакае ўсіх яе суседзяў. Трэцяга прыходу саветаў не жадаю нікому!
Я свядомы, што нашым чытачам такія роздумы могуць здацца занадта песімістычнымі, але як не бач хутка будзе за намі першае чвэрцьвечча дваццаць першага стагоддзя, якое з такой надзеяй віталі мы на зломе двух тысячагоддзяў ― а выказаныя тады жаданні і спадзяванні наконт росквіту чалавецтва і свету без войнаў аказаліся ілюзіяй, а мо нават інфантылізмам. Менавіта жыццё ў інфантылізме каштоўнасцей і поглядаў ― гэта адна з мэт тых, хто хоча пазбавіць нас адчування інстынкту волі і свабоды. Веру і бачу на шчасце, што чытачы «Нівы» ўсіх пакаленняў гэта менавіта людзі, якім пачуццё быць беларусам у Польшчы і свеце ёсць праявай іх права на асабістую і нацыянальную волю. Дзякуй Вам за гэта ― будзем далей разам!
Графіка: humboldt-foundation.de
Яўген Вапа, тыднёвік “Ніва”, №52, 2023 г.