BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Вы так баіцеся прадстаўнікоў сілавых органаў?”

Сярод вызваленых і выкінутых з Беларусі ў Літву 11  верасня быў і Госць Рацыі – былы палітзняволены і журналіст з Гомеля Яўген Меркіс. Яго ўлады Беларусі  асудзілі на 4 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў стварэнні так званага экстрэмісцкага фармавання і ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. А па-сутнасці за супрацу з тэлеканалам “Белсат” і іншымі выданнямі. Сёння ён згадвае часы затрымання і адседкі ў размове з нашай карэспандэнткай Таццянай Смоткінай.

Былы палітзняволены і журналіст  Яўген Меркіс.
Былы палітзняволены і журналіст Яўген Меркіс.

РР: Рада вітаць вас на волі. Зараз давайце згадаем тыя часы, калі вас затрымлівалі. На колькі мне вядома, сілавікі з вамі згулялі ў невялікую гульню, запрасілі ў падатковую, каб нейкім чынам выманіць з дому. Распавядзіце, як вас затрымлівалі.

Яўген Меркіс: Зразумела, што да затрымання, 2020-2021 год – гэта быў такі час жыцця пад акупацыяй, калі з аднаго боку трава зялёная, неба блакітнае, але ты разумееш, што небяспека недзе побач. Пасля пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту гэта яшчэ больш узмацнілася, бо я жыў у Гомелі, а гэта памежны горад, і праз нас праязджалі ўсе гэтыя войскі. Таму ты заўсёды маеш гэтую валізку трывожную, сабраную на чорны дзень.

І калі да мяне прыйшлі сілавікі 13 верасня, яны сапраўды сыгралі гэтую гульню, выманілі мяне праз тое, што я нібыта мушу заехаць у падатковую. Але я ўжо, будучы падрыхтаваным чалавекам, загадзя напісаў сваім сябрам, што вось тут чарговая мутная гісторыя

РР: Адчувалі ўжо штосьці?

Яўген Меркіс: Канешне, я ўжо ведаў, што гэта часта так бывае. І з 2020 года гэта было перманентна. У некаторыя моманты я часцей гэта рабіў, нават пісаў свайму сябру кшталту, я іду ў краму і калі я праз 20 хвілін не выйду на сувязь, то будзь у курсе, што мяне затрымалі. А ў гэтай сітуацыі я проста адпісаўся, што вось давайце (інфармацыю) праз дзве гадзіны, калі не выйду. І вось сапраўды іду да машыны і бачу 5 ці 6 чалавек у цывільным ідуць да мяне наперарэз. Я хуценька сеў у машыну, забаракадзіраваўся, зачыніў там дзверы, паспрабаваў набраць бацьку, каб хаця б папярэдзіць, што мяне затрымліваюць. Я разумеў, што нічога больш не зробіш. Але сілавікі падрыхтаваліся, і яны дадаткова блакавалі маю машыну. То бок Аўдзі-100 старэнькая пад’ехала і заблакавала маё аўто спераду, яшчэ адна машына заблакавала ззаду.

І яны мне паказваюць, што калі ты праз пару хвілін не адчынеш сам і не выключыш мабільны, то мы будзем ламаць шыбы і ўсё астатняе. Я цывільна здаўся, паказалі “ксіву”, прадставіліся, патлумачылі, што па крымінальнай справе, зрабілі вобшук у машыне, пасля зрабілі ператрус у хаце, паклікаўшы дзвюх панятых.  І ўсё. Сказалі: збірай рэчы. А я кажу, што ў мяне ўсё сабрана. А яны кажуць “як сабрана, няўжо вы так баіцеся прадстаўнікоў сілавых органаў?”.  І я кажу “ведаем, дзе жывём”. Узяў валізку, і мы паехалі ў раённы аддзел унутраных спраў. Там на мяне паспрабавалі націснуць, завялі ў кабінет, выйшлі, пасля зайшоў незразумелы дзядзька гадоў пяцідзесяці, які паспрабаваў сыграць – вось у цябе ёсць адна опцыя і дае белы аркуш паперы, зараз пішаш пакаянне, усё будзе добра, табе дадуць максімум палову ад тэрміна, і ўсё будзе добра. Я кажу “не, дзядзька, ідзі гуляй, са мной гэтыя гульні не пройдуць. Табе ніякай веры няма. Тым больш я нічога кепскага не рабіў”.

Усё, павезлі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе ўмовы пасля 2020 года змяніліся, бо я ў 2020-ым года ў ізалятарах сядзеў, тады быў рай, тады яшчэ можна было і матрацамі карыстацца, і падушкамі, і спаць днём колькі заўгодна.

РР: У Гомелі?

Яўген Меркіс: Так. Зразумела, калі я ўжо туды трапіў у 2022-ім, нічога гэтага ўжо не было. Ты спіш проста на другім ярусе і ноччу яшчэ мусіш у тры гадзіны прачынацца і падыходзіць да так званай кармушкі і чытаць поўны даклад, хто я такі, за што затрыманы. І, зразумела, не было ніякіх ні матрацаў, нічога вось гэтага. А пасля ўжо паехаў у СІЗА №3 горада Гомеля.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя