Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава не з’яўляюцца прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, а іх выказванні, якія яны зрабілі, калі знаходзіліся ва Украіне, нашкодзілі ўкраінскім беларусам. Гэта сцвярджае беларускі палітычны уцякач, які цяпер жыве ў Львове, фігурант справы аб нібыта замаху на беларускага дыктатара Віталь Макаранка:

– На жаль, яны зрабілі вельмі шкодную справу для беларусаў ва Украіне, калі далі незразумелыя для нас каментары. І гэта вельмі моцна ўдарыла па іміджы беларусаў ва Украіне ў негатыўным плане.
Паводле Віталя Макаранкі, актыўнасць у беларускай палітыцы і Бабарыкі, і Калеснікавай была надта малая па часе.
– Давайце аб’ектыўна паглядзім – Бабарыка высунуўся, здаецца 11 ці 12 траўня, і роўна праз месяц яго ўжо пасадзілі. Ён па факце ў беларускай палітыцы быў месяц. Тая ж Калеснікава ездзіла ў суправаджэнні з Ціханоўскай фактычна толькі ліпень. А ўжо ў верасні, здаецца, на пачатку верасня яе таксама пасадзілі пасля не жадання выехаць з Беларусі. Гэта два з паловай месяцы нейкай актыўнасці.
Па меркаванні беларускага палітуцекача Віталя Макаранкі, за медыйнай пазнавальнасцю Бабарыкі і Калеснікавай насамрэч не стаіць нічога.
Беларускае Радыё Рацыя






