BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вынаходніцтвы, выкрыванне карупцыі сярод чыноўнікаў Віцебшчыны, у тым ліку з удзелам Лукашэнкі

Вынаходніцтвы, выкрыванне карупцыі сярод чыноўнікаў Віцебшчыны, у тым ліку з удзелам Лукашэнкі, дапамога людзям у зняволенні, палітвязням і іх сем’ям. Гэта толькі частка дзейнасці, якой займаўся Госць Рацыі – былы выкладчык Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, былы палітвязень Міхаіл Жамчужны.

Міхаілу, як і шматлікім іншым беларусам, давялося з’ехаць з Беларусі. Ён ужо пяты месяц знаходзіцца ў Літве. Пра некаторыя перыпетыі свайго лёсу ён падзяліўся з нашым Радыё.

РР: Вы калісьці працавалі ў тэхналагічным універсітэце ў Віцебску, вы былі кандыдатам навук. Як сталася, што вы знаходзіцеся зараз па другі бок?

Міхаіл Жамчужны: Я сапраўды працаваў у навуцы практычна ўсё жыццё, і хачу адзначыць, што і абараніў дысертацыю ў тэрмін, што вельмі рэдка бывае, у мяне былі добрыя выкладчыкі. І пасля я працаваў у прэстыжных арганізацыях і вёў як навуковы кіраўнік некалькі заданняў дзяржаўнай праграмы, апошнія з якіх былі электроніка, матэрыялы і вадарод. Гэтыя праграмы я вёў адначасова, і яны паспяхова выконваліся, так як былі накіраваныя на адну мэту – гэта рашэнне пытанняў энергетыкі як у Беларусі, так і ва ўсім свеце.

Мае вынікі натуральна шчодра ўзнагароджваліся, і з’явіліся ў адміністрацыі ўніверсітэта людзі, якія хацелі са мной падзяліцца, то бок патрабавалі “адкатаў”. Гэта ў прыватнасці Сяргей Міхайлавіч Літоўскі, прарэктар па навуковай працы (пасля агалоскі факту вымагальніцтва ён быў звольнены з універсітэта). Ён у сваім кабінеце шэптам мне прапанаваў з ім падзяліцца так званым “адкатам”.  Я катэгарычна адмовіўся, у нас праца ішла сумленна, усе фінансы ішлі менавіта на навуку, мы нават у заробках сябе абмяжоўвалі, таму былі вынікі станоўчыя. Але ён пасля стаў перашкаджаць нашай працы, не падпісваў дакументы, не дазваляў публікаваць, таму што ўсе публікацыі ішлі за подпісам прарэктара па навуковай працы. І забараняў выязджаць у камандзіроўкі туды, дзе нам трэба было прэзентаваць нашы распрацоўкі. У прыватнасці самая прэстыжная мая прэзентацыя была “Міжнародны авіякасмічны салон МАКС-2005”, куды мы з нашай камандай выязджалі і там заключылі даволі перспектыўныя дамовы.  

І гэта скончылася тым, што штучна затрымліваючы справаздачнасць, адзін з маіх супрацоўнікаў часовага навуковага калектыву Уладзімір Яўгенавіч Юлоўскі ўзяў на сябе адказнасць самастойна выпрабаваць вынікі нашай працы, без узгаднення са мной і вядучымі спецыялістамі, і ў выніку загінуў. Пасля гэтага я зразумеў, што і навуку, і жыццё псуюць вось гэтыя засеўшыя ва ўпраўленні і адміністрацыі людзі, якія самі з’яўляюцца “навуковымі імпатэнтамі” і спрабуюць нейкім чынам паразітаваць на таленавітых людзях. Я не адзін такі, у мяне ўся каманда была таленавітая.

РР: Таленавітымі і разумнымі людзьмі заўжды цікавіцца КДБ. Вамі зацікавіліся ў сувязі з распрацоўкамі ці ўсё ж такі таму, што вы пачалі ўжо змагацца з вертыкаллю?

Міхаіл Жамчужны: Я заўжды адчуваў “дах” КДБ над сабой, таму што мае распрацоўкі былі даволі вострымі для ўсяго свету. Яны спрабавалі ў нашай Беларусі гэта кантраляваць, не толькі ў Беларусі, а ўвогуле я ведаў, што гэтымі рэчамі займаецца ФСБ Расеі. І арыштаваны я быў праз месяц пасля выхаду ў адкрытым друку вынікаў маіх навуковых распрацовак, гэта была газета “Віцебскі рабочы”. Недзе вясной 2006 года яна выйшла, і літаральна праз месяц мяне арыштавалі па дарозе з працы дадому. І я трапіў адразу ў камеру СІЗА-2 горада Віцебска. Следства таксама вяло КДБ, прычым не беларускае, а расейскае. Таму што следчы па асабліва важных справах КДБ Сяргей Міхайлавіч Маскалёў дэманстратыўна хваліўся тым, што ён нараджэнец Кіргізіі, ён заканчваў вышэйшую школу ФСБ і працаваў у нас у КДБ горада Віцебска.

Узнікае пытанне, што ў КДБ, у прыватнасці жыхар Кіргізіі, робіць у Беларусі, на каго ён працуе? Натуральна, для мяне гэта ўжо не было загадкай. Гэта загадка для будучых расследаванняў злачынстваў КДБ у адносінах да навукі, прамысловасці ды іншых сфераў развіцця нашага грамадства.

Пры першых допытах я зразумеў, што ў мяне няма варыянтаў выйсці з гэтай сітуацыі.

РР: Наколькі мне вядома, вам прапаноўвалі супрацоўніцтва, каб вы на сваіх калегаў там штосьці паведамлялі.

Міхаіл Жамчужны: Канешне, кожны, хто пераступае парог КДБ, падвяргаецца прапанове пра супрацоўніцтва. І калі чалавек гэтую паперу падпісвае, ён ужо становіцца безабаронным. Таму што гэтымі дамовамі вярбуюцца і шматлікія вучоныя, і ўплывовыя кіраўнікі прадпрыемстваў, і нават, я так лічу, усе рэктары інстытутаў, у нас актыўна супрацоўнічаюць і з КДБ, і з ФСБ, якое курыруе нашых “кэдэбістаў”. Мне, безумоўна, прапаноўвалі супрацоўніцтва, у прыватнасці даць заведама непраўдзівыя паказанні ў адносінах да таленавітых вучоных Беларусі, якія займаюць кіруючыя пасады ў Акадэміі навук, вельмі сумленныя і прыстойныя людзі, і ў адносінах кіраўніцтва Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава.

Матывавалі гэта тым, што я знаходжуся ў камеры, турме, а яны на волі і карыстаюцца дабротамі цывілізацыі. У ва мне спрабавалі абудзіць вось такія нізінныя пачуцці. Я адразу адмовіўся ўвогуле ад супрацоўніцтва з гэтым следчым, і ў далейшым гэта апраўдалася, так як другую справу, якую гэты следчы завёў супраць мяне, я ўжо выйграў у судзе. І гэтага следчага пасля выдалілі з віцебскага КДБ, ён ужо не працуе. Вось такім чынам адбываецца наша барацьба са спецслужбамі.

РР: І па першай справе вам колькі год далі і ў чым абвінавацілі?

Міхаіл Жамчужны: Далі мне 5 год, якія я адседзеў ад званка да званка. Абвінавацілі ў тым, што я быццам краў на працягу 5 год той заробак, які мне плаціла дзяржава. То бок я хадзіў на працу, атрымліваў як дацэнт, кандыдат навук і аказваецца, што я нічога не рабіў. І мне прад’явілі тое, што вось гэтую суму грошай за 5 год я павінен вярнуць назад. Я, натуральна, адмовіўся ад гэтага, я не прызнаў пазоў і да гэтай пары ведаю, як толькі ты пачынаеш супрацоўнічаць, як толькі ты прызнаеш пазыў і пачынаеш яго выплачваць, ты прызнаеш сябе вінаватым і апраўдацца ні на якім судзе ты ўжо не зможаш.

Пасля першага тэрміну ў Міхаіла Жамчужнага быў і другі, падчас якога ён зведаў ціск, правакацыі ды іншыя нюансы турэмнага жыцця. Не так даўно ён выйшаў на волю, але  за ім пільна сачылі сілавікі і хацелі сфабрыкаваць новую справу. Нягледзячы на гэта, яго паспяхова эвакуявалі ў Літву. Там ён знайшоў добрую працу і параўноўвае сваё цяперашняе жыццё з раем.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя