BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Выстава “Кропка ўваходу – 123” ў Музеі Вольнай Беларусі

Выстава “Кропка ўваходу – 123” адкрыецца 20 студзеня ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі. Экспанаты – рэчы палітвязняў, вызваленных 13 снежня. Некаторыя з былых зняволенных ужо ўбачылі экспазіцыю.

Пра падзею Госць Рацыі – куратар выставы Аляксандр распавёў нашай журналістцы Марыне Савіцкай.

РР: Вы прэзентуеце выставу, прысвечаную палітвязням. Як яна стваралася, у чым была адметнасць?

Аляксандр: Месяц таму выпусцілі, вывезлі, дэпартавалі 123 палітвязняў з Беларусі, і адразу да нас пачалі паступаць прадметы і паведамленні ад палітвязняў, што яны перададуць нам свае рэчы. Гэтыя прадметы прыходзілі да нас са сваімі гісторыямі. Людзі адразу імкнуліся запісаць, з чым звязаны гэты прадмет. Не проста, скажам, вазьміце нашу зубачыстку, альбо капялюш, але і якое значэнне меў менавіта гэты капялюш для гэтага палітвязня. Яны такія запіскі ўкладалі ў свае рэчы і было зразумела, што для іх мае дадатковае значэнне расказаць сваю асабістую гісторыю. І так нарадзілася думка, што трэба гэтыя гісторыі расказаць, трэба іх прэзентаваць людзям. І першыя ж такія прадметы, яны даволі моцныя. Напрыклад, набор сурвэтак з сімвалам агня, з беларускім арнаментам на ўпакоўцы, які прадставіла жанчына, што карысталася імі, яна напісала ў сваёй запісцы, што гэтыя сурвэткі яна захоўвала і берагала ўсю турму. Гэта быў недатыкальны запас, бо не было сродкаў гігіены, але яна выкарыстала ўсяго тры сурвэткі, і сам гэты пакецік сурвэтак для яе з гэтым сімвалам агня выступаў як нейкі абярэг, носьбіт душэўнай цеплыні, які яна зберагла ў турме, як сімвал супраціўлення бесчалавечнасці. Напрыклад, шапка-феска, якую насіў палітвязень, занадта крутая для яго, як ён патлумачыў у сваёй запісцы. Ён патлумачыў, што яна дасталася яму ад іншага сядзельца, каторы адсядзеў 10 гадоў, ён атрымліваў пастаянныя папрокі ад адміністрацыі за тое, што такая крутая рэч не павінна належыць чалавеку з профулікам “экстрэміста”  і за гэта яму пастаянна пагражалі ШІЗА. Унікальны прадмет, каторы нам перадала і асабіста расказала сваю гісторыю яшчэ адна былая палітзняволеная Таццяна. Яна перадала нам фотаздымак, які быў зроблены ў турме, бо ў яе скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта. І ёй зрабілі фотаздымак на новы пашпарт. Сама яна жанчына ва ўзросце, і  калі прыйшоў фатаграфаваць яе фатограф, чалавек яшчэ больш сталага ўзросту, яна ў ім пазнала фатографа, які дзяўчынкай фатаграфаваў яе ў школе. І з гэтай асаблівай гісторыяй яна прынесла нам гэты свой  артэфакт.

РР: У вас прадстаўлены не толькі прадметы, але і відэа таксама.

Аляксандр: Так, мы вырашылі выкарыстаць відэа, якое было запісана з некалькімі палітвязнямі на прэс-канферэнцыі, трансляцыю з каторай ладзіла Радыё “Свабода”. З ласкавага дазволу гэтай службы і з указаннямі таго, што гэта ўзята ў іх. Гэтыя людзі з тых 123, яны давалі дзве прэс-канферэнцыі. Першая была адразу, калі іх вывезлі ва Украіну. Другая прэс-канферэнцыя была праз некалькі дзён. І мы размяшчаем цалкам гэтую прэс-канферэнцыю, каб людзі, якія перадавалі гэтыя прадметы, як бы гаварылі з намі з экрана. Людзі могуць паслухаць іх словы праз навушнікі.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Музей Вольнай Беларусі