З пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта 2020 года праваабарончая супольнасць прызнала палітзняволенымі ў Беларусі 3 330 чалавек, у тым ліку 595 жанчын, з якіх на канец чэрвеня 2024 года ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 413 палітзняволеных, з іх 168 жанчын. За месяц праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі 58 чалавек. Таксама праваабаронцы запатрабавалі рэабілітацыі 51 былога палітвязня.

Праваабарончы Цэнтра “Вясна” апублікаваў даклад пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі ў чэрвені бягучага года. Становішча з правамі чалавека ў Беларусі ўжо на працягу чатырох гадоў пасля пачатку апошняй кампаніі па выбарах прэзідэнта вызначаюць шырокамаштабныя сістэматычныя парушэнні абавязковых нормаў міжнароднага права, рэпрэсіі ў дачыненні да палітычных праціўнікаў рэжыму і іншадумцаў, адвольны крымінальны і адміністратыўны пераслед, які прыводзіць, сярод іншага, да жорсткага пазбаўлення волі- адзначаюць аўтары даклада.
На канец чэрвеня адвольна пазбаўлены волі 38 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.
Працягваюцца рэпрэсіі за рэалізацыю грамадзянскіх правоў: у чэрвені “Вясне” стала вядома пра не менш як 222 выпадкі рэпрэсій (судоў і затрыманняў, звязаных з крымінальным і адміністрацыйным пераследам), у тым ліку не менш як 220 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага разгляду ў судзе, 135 з іх — за распаўсюд інфармацыі са спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў.