BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

З якімі праблемамі сутыкаюцца беларускія журналісты ў эміграцыі?

Пра стан сучаснай беларускай журналістыкі і праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія журналісты ў эміграцыі, разважае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі ў гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Многія журналісты вымушаныя былі эміграваць з Беларусі. У гэтым звязку пытанне, ці ёсць ужо кейсы, што журналісты вырашаюць сысці з прафесіі і перайсці ў іншыя сферы?

Барыс Гарэцкі: На жаль, такія кейсы ёсць і такія з’явы выгарання, сыходу з журналістыкі былі і да масавага вымушанага выезду журналістаў з Беларусі. Што тычыцца цяперашняй сітуацыі, то летась “Рэпарцёры без межаў” праводзілі нават такі глабальны аналіз таго, як працуюць нашы калегі ў розных краінах. І яны прыйшлі да высновы, што 30% беларускіх журналістаў, якія вымушана выехалі з Беларусі, сышлі з журналістыкі, або сышлі з тых месцаў працы, дзе яны былі на момант пераезду. Я не магу сказаць, ці гэта лічба дакладная, але мне падаецца, што яна даволі рэлевантная. Гэта дзясяткі адсоткаў людзей. Звязана гэта, безумоўна, з памяншэннем колькасці працоўных месцаў у незалежных медыя.

Другі чыннік, які на гэта ўплывае, гэта выгаранне людзей. У 2020 – 2021 гадах людзі працавалі на знос, а потым былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі і працягваць працаваць з негатыўнай, драматычнай  тэматыкай, кожны дзень пішучы матэрыялы пра рэпрэсіі, пра пераслед. І вельмі многім журналістам спатрэбілася псіхалагічная дапамога пасля гэтага напружанага этапу 2020 – 2021 гадоў. Мы бачым, што сітуацыя не памянялася, тэмы не змяніліся, а ўжо таго запалу ў многіх людзей няма. І таму аб’ектыўна частка людзей сышла з прафесіі. Але ёсць і адваротныя працэсы. З пераездам беларускіх медыя ў эміграцыю ёсць і прыток свежых кадраў у рэдакцыі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя