Красавік – месяц інфармавання пра аўтызм. З гэтай нагоды паразмаўлялі з маці дзіцяці з дыягназам Аспергера. Таццяна вымушаная была з палітычных прычын выехаць з Беларусі ў Грузію. З якімі праблемамі сутыкаюцца бацькі дзяцей з дыягназам аўтызм, асабліва ў вымушанай эміграцыі? Ці адрозніваецца грузінскае і беларускае грамадстве ў плане прыняцца аўтызму? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае маці дзіцёнка з дыягназам аўтызм у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Што самае складанае, якая самая першасная праблема, з якой сутыкаецеся, маючы дзіця з дыягназам аўтызм?
Таццяна: Складанасці, з якімі сутыкаюцца фактычна ўсе бацькі шмат у якіх краінах – гэта праблема, звязаная з адукацыяй, гэта праблема, звязаная з наяўнасцю цьютараў, з наяўнасцю педагогаў, якія ведаюць, як працаваць з гэтымі дзецьмі. Напрыклад, у Беларусі і цяпер гэтая праблема існуе. І гэтая ж праблема ёсць у Грузіі, дзе мы цяпер жывем. Насамрэч, ні кожнаму дзіцяці з аўтызмам патрэбнае суправаджэнне, патрэбны цьютар. Але ў шмат якіх выпадках сапраўды ён патрэбны. І нават калі ў заканадаўстве будзе прапісаны цьютар, бацькі сутыкаюцца з тым, што яго не выдзяляюць, яго не знаходзяць. Гэта адбываецца вельмі часта, на маю думку.
РР: З якімі цяжкасцямі вы сутыкаецеся ў эміграцыі?
Таццяна: У майго дзіцёнка была аформлена інваліднасць, я атрымлівала на яго дапамогу ад дзяржавы. Гэта была розная дапамога плюс пенсія па інваліднасці, плюс дапамога па доглядзе за дзіцёнкам з інваліднасцю. Калі мы выехалі, у нас засталася толькі пенсія. Інваліднасць выдаецца на пэўны час. У нашым выпадку гэта было на два гады, а далей трэба зноўку праходзіць МРЭК. Праз напэўна год пасля таго, як мы з’ехалі, інваліднасць скончылася, мы яе не змаглі працягнуць – у Грузіі замежнікам не афармляюць статус інваліднасці. Гэта значыць, што мы пазбавіліся дзяржаўнай падтрымкі, якая якраз выдаткоўвалася на карэкцыю, на тое, каб мы маглі аплочваць карэкцыйныя заняткі са спецыялістамі. Плюс у Беларусі, калі ў дзіцяці аформлена інваліднасць, то ў дзіцячым садку ты не аплочваеш харчаванне. Мы прыехалі ў чужую краіну, дзе трэба было пачынаць жыццё з нуля, дзе трэба было шукаць прыватны садок, бо дзяржаўныя перапоўненыя, шукаць спецыялістаў на месцы і гэта вялікія выдаткі. Таму ўсё пачалося з нуля. Можна сказаць, нашыя пяць год у эміграцыі мы не атрымліваем дапамогі ні ад адной дзяржавы. І напэўна асноўная праблема – гэта грошы.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






