Пра якія праблемы хочуць размаўляць цяпер беларусы? З якімі праблемамі яны сутыкаюцца ў Беларусі і эміграцыі? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае аўтарка і вядоўца праграмы “Трэба пагаварыць” Марыя Грыц у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Як нарадзілася ідэя гэтай праграмы?
Марыя Грыц: Ідэя праграмы нарадзілася даўно, яшчэ можа за год да першага сезону. Мы тады яшчэ былі ва Украіне. І мне вельмі хацелася, каб была нейкая праграма, жаночая менавіта, не ў сэнсе толькі пра жаночыя гісторыі, але з фокусам на тое, што жанчыны перажываюць гэтае ўсё і яшчэ з дадатковай нейкай акалічнасцю – і дзеці, і жаночае здароўе, і нават зняволеныя жанчыны церпяць іначай, чым мужчыны. І мне гэта ўсё хацелася неяк абмяркоўваць. І самае галоўнае – зразумець, што з гэтым усім мы можам зрабіць. Натуральна, мы не вырашым самую галоўную прычыну, чаму мы ўсе тут апынуліся, але як хаця б уратаваць сваё ментальнае здароўе, сваё фізічнае здароўе, што можна зрабіць для сябе і сваіх блізкіх тымі сіламі, якія ў нас ёсць.
РР: Пасля 2020 года і пасля пачатку вайны ва Украіне ў 2022 годзе ці паболела розных праблем, пра якія гатовыя гаварыць беларусы?
Марыя Грыц: Дарэчы, наконт таго гатовыя ці не. Праблем паболела, але, натуральна, я заўважаю, што ёсць людзі, якія настолькі балюча перажываюць траўмы свае розныя, што ім складаней гаварыць пра іх, чым не гаварыць. То бок, яны яшчэ не асэнсавалі, не прыдумалі выйсця, не знайшлі. Для іх яшчэ траўматычна гаварыць пра некаторыя перажыванні. Напрыклад, мы запісвалі праграму, як перажыць страту блізкага чалавека. Сам факт – гэта ўжо вялікі стрэс і вялікае гора. Але ў нашай беларускай сітуацыі гэта абцяжарваецца яшчэ тым, што калі чалавек з’язджае за мяжу па палітычных прычынах, то як ты не аддасі апошнюю пашану свайму блізкаму чалавеку? Альбо іншая гісторыя, калі затрыманых не пускаюць развітацца са сваімі блізкімі. Гэта яшчэ такі абцяжарваючы чыннік. Таму, калі ты бярэш нейкае агульначалавечае пытанне, у беларускім рэчышчы яно аказваецца яшчэ больш складаным.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя