BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

З пачатку вайны загінула 128 украінскіх журналістаў

128 украінскіх журналістаў загінула падчас поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. 19 журналістаў загінулі непасрэдна падчас выканання рэдакцыйнага задання. Паведаміў кіраўнік Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Сяргей Таміленка падчас сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Вільні 9 кастрычніка.

Сяргей Таміленка

Паводле Сяргея Таміленкі, раней ва ўкраінскім Саюзе журналістаў налічвалася каля 18 000 чалавек, зараз гэтая лічба значна зменшылася:

-Мы буйнейшае журналісцкае аб’яднанне ва Украіне. На момант уварвання 18 000 чалавек мы аб’ядноўвалі, зараз, на жаль, частка калег або бежанцы, або яны эвакуяваліся, выйшлі з прафесіі, частка знаходзіцца на акупаваных тэрыторыях. Таму мы можам казаць пра 10 -12 тысяч.

Сяргей Таміленка паказаў прысутным дакументальны фільм «Старонкі надзеі» пра прыфрантавую газету «Трудова слава» і зазначыў вялікую ролю прыфрантавых друкаваных СМІ ў данясенні аб’ектыўнай інфармацыі ўкраінскаму насельніцтву ва ўмовах разбуранай інфраструктуры:

-Я ганаруся мужнасцю і вялікім унёскам журналістаў і рэдактараў лакальных газет на прыфрантавых тэрыторыях. Паколькі Расея руйнуе інфраструктуру, то мы зараз бачым натуральны рэнесанс, або попыт на друкаваную прэсу, бо гэта адзіны мажлівы канал камунікацыі.

Падчас сустрэчы перад прысутнымі выступіў і былы беларускі добраахвотнік, кіраўнік камісіі па нацыянальнай бяспецы Каардынацыйнай рады Аляксандр Клачко, які распавёў пра тое, як ён ваяваў ва Украіне і агучыў свой погляд на беларуска-ўкраінскую сітуацыю.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя