Фота: “Вясна”
З пачатку восені ў Беларусі зафіксавана 1.452 факты палітычных рэпрэсій (затрыманні, ператрусы, адміністрацыйныя суды і інш.), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
З верасня па сярэдзіну лістапада ў судах разгледжана не менш за 1.213 адміністрацыйных спраў паводле арт. 19.11 (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць) і арт. 24.23 (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) КаАП. 488 прыйшліся на верасень, 537 — кастрычнік, 188 — на першую палову лістапада.
Пры гэтым на працягу трох летніх месяцаў было разгледжана толькі 975 спраў паводле гэтых артыкулаў.
У рэгіёнах, паводле даных праваабаронцаў, фіксуецца больш фактаў пераследу, чым у Менску, а “самай рэпрэсіўнай” вобласцю з’яўляецца Гомельская — мінімум 337 чалавек там былі асуджаныя па палітычных падставах у адміністрацыйным парадку (у тым ліку ў Рэчыцы — не менш за 98 чалавек).
На другім месцы па колькасці рэпрэсій — Берасцейская вобласць, дзе адбылося мінімум 278 палітычна матываваных судоў. Большасць фактаў зафіксавана ў Берасці, масава таксама судзяць жыхароў Баранавічаў (56 выпадкаў).
Таксама людзей масава судзяць у Барысаве (Менская вобласць), Ваўкавыску (Гарадзенская), Глыбокім, Добрушы, Жлобіне, Мазыры (Гомельская), Лепелі, Наваполацку, Воршы (Віцебская), Пінску (Берасцейская).
Падчас апошняга вядомага масавага рэйду сілавікоў 31 кастрычніка і 1 лістапада па ўсёй Беларусі былі затрыманыя дзясяткі чалавек, падкрэслівае “Вясна”. Супрацоўнікі КДБ прыходзілі да людзей у межах крымінальнай справы, распачатай паводле арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Вядома, што некаторым затрыманым задавалі пытанні з нагоды дваровых чатаў.
“4 лістапада КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” шэраг дваровых чатаў — як мяркуецца, гэта і стала прычынай масавых затрыманняў”, — адзначае “Вясна”.
Праваабаронцы канстатуюць, што прэвентыўная “зачыстка” актывістаў перад выбарамі — традыцыйная практыка рэжыму, жорсткія рэпрэсіі не спыняліся ні на дзень з пачатку перадвыбарчай кампаніі ў 2020 годзе, але цяпер сітуацыя толькі пагаршаецца”. Пры гэтым рэальны маштаб пераследаў у Беларусі можа быць значна большым, “праваабаронцы не валодаюць усімі звесткамі пра рэпрэсіі”.
Сёмыя выбары прэзідэнта прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. У дзень, калі Палата прадстаўнікоў прыняла адпаведнае рашэнне, 23 кастрычніка, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што прыме ў іх удзел.
Крыніца: pozirk.online