У Гарадзенскім абласным судзе 15 траўня разглядаюць крымінальную справу жыхара Ліды Паўла Лукашэвіча, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Яго абвінавачваюць у “абразе прадстаўніка ўлады”, “абразе суддзі альбо народнага засядацеля” і “стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім”. Справу разглядае Юры Казакевіч, паведамляюць праваабаронцы.
Павел Лукашэвіч працаваў у філіяле кампаніі “Белтэкс оптык”. Яго затрымалі летась у верасні і першапачаткова пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак. Пасля затрымання з’явілася відэа сілавікоў, у якім затрыманы расказаў пра рэгістрацыю ў плане “Перамога”.
У той жа дзень сілавікі затрымалі і непасрэднага начальніка Паўла – майстра Аляксандра Аніскевіча, які, валодаючы інфармацыяй, 21 верасня паспеў папярэдзіць Лукашэвіча пра тое, што яго хочуць затрымаць, пасля чаго мужчына спрабаваў схавацца, піша @Grodno_grab. Аніскевіча пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічынь.