За сітуацыяй у Беларусі сочаць 35 тысяч відэакамер. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ распавёў намеснік міністра ўнутраных спраў, начальнік крымінальнай міліцыі генерал-маёр Генадзь Казакевіч.

Згаданыя камеры аб’яднаныя ў “Рэспубліканскую сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі”. “Гэта тэхналогіі, якія дазваляюць не проста ў рэжыме рэальнага часу дваццаць чатыры на сем адсочваць аператыўную абстаноўку, — кажа Казакевіч. — Яны дазваляюць ідэнтыфікаваць асобу, транспартны сродак, вызначаць надзвычайныя сітуацыі і гэтак далей”.
За 2023 год толькі ў Менску з дапамогай згаданай сістэмы было раскрыта “некалькі соцень злачынстваў”. Пра тое, як яна выкарыстоўваецца для пошуку іншадумцаў, падпольшчыкаў, генерал не стаў удакладняць. Але вядома, што з дапамогай сістэмы відэакантролю праводзіліся затрыманні па справе дыверсіі на аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: bezpeka-shop.com