Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”. Як вядома, 16 жніўня Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 30 палітзняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя з іх маюць сур’ёзныя захворванні. На 24 жніўня “Вясне” вядомыя прозвішчы 19 вызваленых, 13 з якіх жанчыны.

Праваабаронцы, паводле іх слоў, падтрымліваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі былых вязняў, таму пакуль публікуюць прозвішчы толькі некаторых вызваленых: Васіль Бераснеў, Ала Зуева, Вольга Стаброўская, Вольга Новікава, Ірына Санкоўская, Яўген Чуміла, Ксенія Луцкіна.
Адначасова тры дні запар праваабарончая супольнасць Беларусі прымала заявы аб наданні новым фігурантам палітычных крымінальных спраў статуса палітвязня: 21 жніўня яго атрымалі 10 чалавек, 22-га — 14, 23-га — 7. Агулам па стане на сёньня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1376 чалавек, рэальная колькасьць нашмат большая.