BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

За ўдзел у пратэстах засудзілі навукоўца і яго бацьку

У судзе Кастрычніцкага раёна Менска асудзілі сям’ю Ваньковічаў. Бацьку і сыну прысудзілі хатнюю хімію за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. 11 ліпеня яны былі ўключаныя ў міліцэйскі спіс «экстрэмістаў», піша «Наша Ніва».

64-гадовы Эдуард Ваньковіч — бізнэсмен. Ён узначальвае кампанію «ЭдВікТэхна». Яна займаецца прамысловай бяспекай — рамантуе краны і пад’ёмнікі.

Яго сын Яўген пайшоў у юрысты. Яму цяпер 35 гадоў. Яўген Ваньковіч скончыў юрыдычны факультэт БДУ і падчас навучання нават атрымліваў званне «Студэнт года» ў намінацыі «Гонар факультэта».

Яўген быў дацэнтам кафедры экалагічнага і аграрнага права юрыдычнага факультэту БДУ і аўтарам дзясяткаў публікацый. Апошняя кніга, напісаная ім у суаўтарстве, выйшла ў 2021 годзе ў БДУ і была прысвечана праблемам у землеўпарадкаванні.