24 лютага спаўняецца чатыры гады з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. За гэты час Украіна стала сімвалам супраціву, а для беларусаў — яшчэ і люстэркам уласнай будучыні. Бо пытанне перамогі Украіны непарыўна звязанае з пытаннем свабоды Беларусі.
Акурат у гэтую дату мы пагаворым з Госцем Рацыі — кіраўніком фонду «Вільна Білорусь» і грамадскага саюза «Беларуская супольнасць Украіны» Аляксеем Францкевічам — пра ролю беларускай супольнасці ва Украіне падчас вайны, пра ініцыятывы ў падтрымку ўкраінскага грамадства і дзяржавы.
Таксама закранём тэму магчымай сустрэчы са Святланай Ціханоўскай у Кіеве, адкрыцця Дома нацыянальных супольнасцяў і ўшанавання памяці Міхася Жызнеўскага ў Львове.

РР: 24 лютага маем чацвёртую гадавіну поўнамаштабнай вайны Расеі ва Укріне. Як вы на тле ўсяго гэтага ацэньваеце становішча беларускай супольнасці ў першую чаргу?
Аляксей Францкевіч: З пазітыўнага – тое, што беларусы сёння ваююць, а самую вялікую адвакацыю, мы ж усе добра памятаем, што чатыры гады таму пачаўся поўнамаштабны наступ з боку Расейскай Федэрацыі ва Украіну. І рабілі яны гэта з тэрыторыі Беларусі. І вельмі добра тое, што беларусы тут самую вялікую адвакацыю беларускай нацыі адыгралі беларускія сучасныя нацыянальныя героі. Тыя, хто аддаў самае дарагое, – свае жыцці – у барацьбе супраць расейскіх агрэсараў. Вельмі добра, што беларусы ваююць, працягваюць ваяваць, ваююць годна. Тое, што тут, ва Украіне, ёсць беларускія валанцёры, не ўсе з’ехалі. Ёсць тыя, хто, нягледзячы ні на што, застаюцца тут, ва Украіне. Таму беларусы ва Украіне поплеч з украінцамі працягваюць стаяць на абароне не толькі Украіны, але і ўсяго цывілізаванага свету ад расейскай імперыі, ад расейскай агрэсіі.
На жаль, праблема, якая з’явілася ў 2022 годзе, яна актуальная і сёння. Гэта тое, што ўсё ж такі беларусы, у большасці сваёй тут, ва Украіне, працягваюць баяцца, то бок большасць з іх не хоча, каб іх ідэнтыфікавалі як беларусаў. Але мы працуем у гэтым накірунку. То бок нейкім чынам нам ужо ўдалося памяняць гэтую сітуацыю. За гэты час нам удалося зарэгістраваць грамадскі саюз «Беларуская супольнасць Украіны», у нас ужо ў дванаццаці гарадах ёсць прадстаўнікі. І пакрыху гэты негатыўны момант мы мяняем.
РР: Пытанне па нядаўнім тэрарыстычным акце ў Львове. Ці адчувае зараз беларуская супольнасць рост пагрозаў, ці ёсць нейкая сувязь з беларускай супольнасцю ў гэтым выпадку?
Аляксей Францкевіч: Складана сказаць. Першы раз я з гэтым сутыкнуўся, калі павесілі майго калегу, знайшлі павешаным, Віталя Шышова. То бок тады адчувалася паніка сярод беларускай супольнасці. Тады гэта выклікала хвалю страху. Зараз гэта ўжо будзённасць. Тут кожны дзень ляцяць ракеты, і невядома, куды яны прыляцяць. Таму гэта ўжо не мае такога ўплыву. Проста ёсць ужо разуменне, усведамленне, што Расея будзе не толькі бамбіць цывільную інфраструктуру і забіваць на фронце вайсковых, а будуць надалей рабіць такія тэракты ў тыле, каб раскачаць грамадства. Я думаю, што, на жаль, такія тэракты зараз будуць паўтарацца.
РР: Дарэчы, наконт Шышова, ці вядома зараз якая інфармацыя вакол ягонай справы?
Аляксей Францкевіч: Шчыра кажучы, не валодаю такой інфармацыяй, таму што ішоў сведкай, мне нават давалі гэтую праграму абароны сведкі, я адмовіўся, але мне невядома, чым скончылася. Хто замовіў і хто выканаўца гэтага мне невядома. І я не чуў, каб гэта дзесьці агучвалі. Я выкажу сваю асабістую думку, якую і выказваў тады, што гэта была справа рук спецслужбаў. То бок яны гэта зрабілі, каб паказаць, што нягледзячы на тое, што вы з’ехалі з краіны, ваша жыццё ўсё адно пад пагрозай.
Цалкам гутарка:
З «Госцем Рацыі», кіраўніком фонду «Вільна Білорусь» і грамадскага саюза «Беларуская супольнасць Украіны» Аляксеем Францкевічам размаўляла Вольга Сямашка.






Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Аляксея Францкевіча






