Нараджэнец Хойнікаў загінуў падчас выканання баявога задання на поўдні Украіны ў пачатку сакавіка 2025 года. Развітанне з байцом палка Каліноўскага прайшло сёння, 15 сакавіка, у Кіеве.



Аляксандр вучыўся на гістарычным факультэце БДУ. Прычым пайшоў у беларускамоўную групу. Ён паспеў скончыць першы курс, а потым здарылася лета 2020 года. З першых дзён Аляксандр далучыўся да акцый пратэсту.
Першы раз хлопца затрымалі яшчэ ў чэрвені 2020 года, у апошні дзень збору подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты. Аднак тады Аляксандра вызвалілі, бо ён быў непаўналетнім (18 гадоў яму споўнілася ў канцы ліпеня). Аляксандр прайшоў праз жорсткія катаванні ў Фрунзенскім РУУС у паслявыбарчыя дні.
Відавочцы казалі, што Аляксандра катавалі некалькі гадзін, ён неаднаразова губляў прытомнасць. Потым хлопца адправілі на Акрэсціна.
Пасля пратэстаў Серадой зацікавіўся КДБ, і ён з’ехаў у Польшчу.