BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў

Пра гібель Аляксея паведаміла яго жонка Вераніка. Яму было 27 гадоў. 

Аляксей Лазараў

«Загінуў мой свет, даражэнькі муж Аляксей Лазараў. У пачатку 2025 году ён павярнуўся на службу ў ЗСУ і годна абараняў неба. Ён ёсць і быў выдатным сынам беларускай зямлі. Я захаплялася і захапляюся яго прагненнем да лепшага свету, у якім мы так хацелі стварыць вялікую сям’ю», — напісала яна. 

Абодва, і Аляксей, і Вераніка, уступілі ў шэрагі палка імя Кастуся Каліноўскага. У сакавіку 2022 года падчас абароны Кіева пара ажанілася. 

«Ты паказаў мне сапраўднае каханне, сапраўднае сяброўства. Ты любіў мяне з такім клопатам і ўвагай, што я сама пачала сябе любіць. Ты быў усім, і вось усяго цяпер няма. Чакаю нашай сустрэчы ў лепшым свеце, маё каханне. Пабачымся ўва сне», — напісала Вераніка. 

Аляксею было 27 гадоў. Ён скончыў БДУ. У лістападзе 2019 года быў прызваны на службу ва ўзброеныя сілы, быў камандзірам аддзялення пераносных зенітна-ракетных комплексаў, атрымаў званне малодшага сяржанта. Да і пасля войска быў адным з арганізатараў кампаніі «Вучоба важнейшая» супраць закона, які скарачаў адтэрміноўкі ад арміі для студэнтаў.

У 2019 годзе спрабаваў стаць дэпутатам, балатаваўся ў парламент. 

Актыўна ўдзельнічаў у вулічных акцыях супраць вынікаў выбараў 2020 года, дапамагаў назіральнікам на выбарчых участках у Мінску. Праз пагрозу турмы з’ехаў з Беларусі. Жыў у Грузіі, потым перабраўся ва Украіну, у Львоў. 

Калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну, запісаўся добраахвотнікам. 

Аляксей сыходзіў з украінскага войска, але, як вынікае з падзей, вярнуўся. 

Пахаванне адбудзецца ў Львове.

Наша Ніва